23-гадовы жыхар Жлобіна (Гомельская вобласьць) з разумовым разладам Дзьмітры Гопта выйшаў на волю з папраўчай калёніі № 3 у Віцебскім раёне, паведаміла 31 сьнежня праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.
5 лютага 2021 года суд Жлобінскага раёну прысудзіў хлопцу 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Ірына Прадун прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэксу.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, 10 жніўня 2020 году, на другі дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, каля жлобінскага Палацу культуры Гопта «ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, кідаў камяні ў бок міліцыянтаў і ў аўтазакі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разлад разьвіўся на фоне затрыманьня і зьбіцьця». Як судзяць палітвязьняў з псыхічнымі парушэньняміАбвінавачаньне было пабудавана на паказаньнях самога хлопца — прадастаўлены дзяржавай адвакат параіў «прызнаць віну». Прызнаныя пацярпелымі міліцыянты заявілі, што ніякіх пашкоджаньняў не атрымалі. Відэазапісаў або фатаграфій, якія б пацьвярджалі абвінавачаньне, у судзе прадэманстравана не было.
Падчас папярэдняга сьледзтва і суду Гопта заставаўся дома, пад варту яго ўзялі ўжо пасьля вынясеньня прысуду.
Праваабаронцы прызналі Гопту палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзіма рыдаў, ня мог спыніцца». Палітвязьню з псыхічным захворваньнем адмовілі ў памілаваньніМаці хлопца Вольга Гопта заяўляла СМІ, што ў яе сына разумовая адсталасьць, дыягназ F70.1 (згодна зь Міжнароднай клясыфікацыяй хваробаў, гэта «значнае парушэньне паводзін, якое патрабуе догляду і лячэньня»).
У пачатку 2022 году стала вядома, што асуджанаму адмовілі ў памілаваньні.