Пуцін запрасіў Сі Цзіньпіна ў Расею абмеркаваць вайсковае супрацоўніцтва. У ЗША выказалі занепакоенасьць

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і кітайскі лідэр Сі Цзіньпін правялі перамовы па відэасувязі 30 сьнежня. Пуцін, зьвяртаючыся да Сі, заявіў, што ўвесну наступнага года яго чакаюць у Маскве зь дзяржаўным візытам.

«Гэта прадэманструе ўсяму сьвету трываласьць расейска-кітайскай сувязі па ключавых пытаньнях, стане галоўнай палітычнай падзеяй года ў двухбаковых адносінах», — цытуе Пуціна яго прэс-служба.

Сі Цзіньпін у размове з Пуціным прама не пацьвердзіў сваёй згоды наведаць Маскву, Пэкін пра ягоны візыт у расейскую сталіцу пакуль ніяк не згадаў, адзначае Reuters.

У распаўсюджаным пасьля відэасаміту паведамленьні Кітая, які ніколі публічна не ўхваляў, але і не асуджаў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, падкрэсьлена, што Пэкін будзе падтрымліваць сваю «аб’ектыўную і справядлівую пазыцыю» па гэтым пытаньні.

На сайце Крамля таксама прыводзяцца словы Пуціна аб тым, што ў Маскве «нацэленыя ўмацоўваць узаемадзеяньне паміж узброенымі сіламі Расеі і Кітая». Кітайскі дзяржаўны вяшчальнік CCTV у сваім рэпартажы аб гутарцы лідэраў КНР і Расі, вайсковае супрацоўніцтва ня згадвае. Хоць Сі і называе Пуціна «дарагім сябрам», ягоная ўступная заява прыкладна на чвэрць карацейшая за прамову расейскага прэзыдэнта і значна больш прагматычная па тоне, заўважае агенцтва Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэс ЗША рыхтуе законапраект аб прызнаньні Расеі «краінай-агрэсарам» замест спонсара тэрарызму

Пасьля відэаканфэрэнцыі прэзыдэнтаў РФ і КНР Злучаныя Штаты выказалі занепакоенасьць сувязямі Кітая з Расеяй на фоне працяглай вайны Крамля супраць Украіны, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША.

«Пэкін прэтэндуе на нэўралітэт, але яго паводзіны ясна дэманструюць, што ён працягвае інвэставаць у шчыльныя сувязі зь Расеяй», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, дадаўшы, што Вашынгтон «уважліва сочыць за дзейнасьцю Пэкіну».

  • З моманту ўводу расейскіх войскаў ва Ўкраіну заходнія краіны ўвялі супраць Масквы жорсткія эканамічныя санкцыі, таксама значна зьнізіўся ўзровень палітычнага ўзаемадзеяньня. Генасамблея ААН у сакавіку ўхваліла рэзалюцыю, у якой большасьць краін асудзілі расейскае ўзброенае ўварваньне ва Ўкраіну і заклікалі Маскву неадкладна вывесьці з украінскай тэрыторыі свае войскі.
  • Тыдзень таму газэта The Wall Street Journal пісала, што Сі Цзіньпін даручыў свайму ўраду наладзіць больш трывалыя сувязі з Расеяй у эканоміцы.
  • 21 сьнежня зь візытам у Кітаі быў намесьнік старшыні Савета бясьпекі РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў. У Пэкіне ён сустрэўся зь Сі Цзіньпінам. 26 сьнежня стала вядома аб прызначэньні Мядзьведзева першым намесьнікам старшыні Ваенна-прамысловай камісіі. Раней гэтай пасады ў складзе камісіі не было.