Аднак адміністрацыя Байдэна выступае супраць гэтага рашэньня. Там лічаць, што гэта скароціць магчымасьці ўзаемадзеяньня паміж Вашынгтонам і Масквой.
Кангрэс ЗША рыхтуе законапраект, які дазваляе прызнаць Расею «краінай-агрэсарам». Гэта павінна стаць адказам на нежаданьне адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна прызнаваць Маскву спонсарам тэрарызму. Пра гэта піша выданьне The Hill.
Праект дакумэнту абмяркоўваецца паміж Белым домам і лідэрамі Кангрэсу, паведамляюць крыніцы выданьня, якія працуюць памочнікамі дэпутатаў ад Рэспубліканскай партыі. У выпадку прыняцьця законапраект дазволіць Беламу дому спрошчана ўводзіць санкцыі супраць расейскіх афіцыйных асоб.
The Hill атрымалі праект дакумэнту. Згодна з тэкстам, прэзыдэнт ЗША зможа абвяшчаць краінай-агрэсарам любую дзяржаву, якая мае дачыненьне да нападу на Ўкраіну. Размова, адпаведна, можа ісьці ня толькі пра Маскву, але і пра яе нешматлікіх саюзьнікаў у гэтай вайне: Менск і Тэгеран.
Тры грамадзкія арганізацыі ў ЗША, якія падтрымліваюць Кіеў, у звароце да Белага дома выступілі супраць такога законапраекту. Яны баяцца, што ён можа прывесьці да зьмякчэньня санкцый супраць Расеі. Зварот падпісалі «Ўкраінскі кангрэсавы камітэт Амэрыкі», «Аб’яднаны балтыйска-амэрыканскі нацыянальны камітэт» і ўкраінская арганізацыя «Разам».
Акрамя таго, гэта запатрабуе ад ЗША ўводзіць абмежаваньні супраць партнэраў Расеі, сярод якіх ёсьць дзьве буйныя краіны сьвету: Кітай і Індыя. Шэраг экспэртаў таксама сумняваюцца ў тым, што Расея падыходзіць пад прадугледжаныя законам крытэры спонсара тэрарызму, адзначаючы, што занадта вольная трактоўка закону можа прывесьці да праблем для Вашынгтона ў будучыні.