Судовы працэс вяла судзьдзя Сьвятлана Чарапанава, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
44-гадовага грамадзяніна Латвіі абвінавацілі ў закліках у сацыяльных сетках да мераў абмежавальнага характару, скіраваным на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (ч. 3 арт. 361), распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 2 арт. 130), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 і ч. 2 арт. 368).
Вядома таксама, што Міхайлаўса на месяц зьмяшчалі ў закрытую псыхіятрычную клініку для правядзеньня экспэртызы.
30 сьнежня вынесьлі прысуд: пазбаўленьне волі тэрмінам на чатыры гады ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Судовы працэс пачаўся 14 сьнежня. Дзьмітрыйса Міхайлоўса затрымалі 1 сакавіка 2022 году і да суду зьмясьцілі ў СІЗА № 1 у Менску, у кастрычніку Міхайлоўса ўключылі ў «Сьпіс асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
«Цяпер затрыманы адзін грамадзянін Латвіі. Яго тэлефон праверылі, і ўладам не спадабаліся паведамленьні, якія асуджаюць рэжым Лукашэнкі. Яго зьмясьцілі пад варту, — паведаміла парлямэнцкая сакратарка МЗС Латвіі Занда Калніня-Лукашэвіча. — Калі супрацоўнікі консульства хутка прыбылі на сустрэчу з затрыманым, то яго ўжо не засьпелі, бо яго на месяц зьмясьцілі ў закрытую псыхіятрычную лякарню для правядзеньня экспэртыз».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 студзеня: сужэнцаў зь Менску асудзілі за пратэсты; у Магілёве затрымалі непаўналетняга навучэнца каледжа мастацтваў