Bloomberg: з пачатку вайны найбагацейшыя расейцы страцілі звыш $93 млрд

Заснавальнік і акцыянэр інвэстыцыйнай групы Volga Group Генадзь Цімчанка

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну найбагацейшыя расейцы пазбавіліся звыш 93 мільярдаў даляраў.

Пра гэта паведамляе Bloomberg. Па падліках агенцтва, непасрэдна 24 лютага, у дзень пачатку вайны, найбагацейшыя расейцы страцілі 46,6 мільярда даляраў. У наступныя месяцы пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый яны страцілі яшчэ 47 мільярдаў даляраў.

У пачатку лістапада страты найбагацейшых расейцаў ацэньваліся ў 83 мільярды даляраў. Гэтыя дадзеныя прыводзіліся ў рэйтынгу Bloomberg Billionaires Index аб кошце актываў 500 найбагацейшых людзей плянэты, у які ўваходзяць 25 расейцаў. Самыя буйныя страты панесьлі саўладальнікі НОВАТЭКа блізкі да прэзыдэнта Пуціна прадпрымальнік Генадзь Цімчанка і Леанід Міхельсан – больш за восем мільярдаў даляраў кожны.

У працэнтных суадносінах лідэрам па стратах аказаўся старшыня рады дырэктараў групы кампаній «Ренова» Віктар Вексельберг – яго багацьце зьменшылася больш чым на 60% і складае цяпер 11,2 мільярда даляраў. Таксама амаль палову свайго багацьця страціў з пачатку году Раман Абрамовіч: з 18 мільярдаў да 9,7 мільярда даляраў.

Сукупнае багацьце найбагацейшых бізнэсоўцаў Украіны з лютага скарацілася больш як на 20 мільярдаў даляраў – з 40 да 22, 5 мільярда даляраў, падлічыў украінскі Forbes.

Як адзначае Bloomberg, зьніжэньне актываў мільярдэраў агульнасусьветная тэндэнцыя, выкліканая ростам інфляцыі, узмацненьнем жорсткасьці палітыкі цэнтральных банкаў, а таксама вайной Расеі супраць Украіны і санкцыямі. За год толькі першыя 500 бізнэсоўцаў са сьпісу найбагацейшых людзей плянэты страцілі амаль адзін трыльён 400 мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША падтрымаў законапраект аб перадачы Ўкраіне арыштаваных актываў РФ
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе замарозілі 19 млрд эўра расейскіх кампаній і алігархаў. Што зробяць з гэтымі грашыма