«Летась, калі мы пасылалі навагоднія паштоўкі, людзям, несправядліва асуджаным за тое, што яны проста скарысталіся сваімі правамі, нам прыйшлося падпісаць амаль тысячу паштовак. Мы спадзяваліся, што ў 2022 годзе нам больш не давядзецца гэтага рабіць, — гаворыцца ў паведамленьні амбасады Амбасады Вялікай Брытаніі ў Менску. — Але сёлета паштовак стала яшчэ больш — больш за 1400. І гэта жахлівая трагедыя. Гэта больш за 1400 несправядліва паламаных лёсаў. Гэта павінна спыніцца. Усе несправядліва пазбаўленыя свабоды, усе, каго перасьледуюць за ажыцьцяўленьне сваіх правоў, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя, а іх правы цалкам адноўленыя».
Таксама сьвяточныя паштоўкі палітвязьням даслалі і супрацоўнікі амбасады Нямеччыны:
«Мы суперажываем ім і іх блізкім і сябрам. Няхай віншаваньні, якія адправіла Пасольства, падораць адрасатам лістоў і іх сем’ям крыху новых сіл і надзеі. Федэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызваленьня палітзьняволеных Беларусі».
Агулам на сёньня праваабаронцы «Вясны» прызналі палітвязьнямі 1452 чалавекі. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы даюць большую лічбу палітзьняволеных.
Дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі з палітычных матываў, невядомая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца БелаПАН Ірына Леўшына і яе папярэднік Дзьмітры Наважылаў 500 дзён знаходзяцца за кратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлюнькін: Лукашэнка можа вызваліць палітвязьняў, калі Захад і апазыцыя пачнуць прасіць у яго прабачэньня