Пра тое, якімі ракетамі расейскае войска б’е па тэрыторыі Ўкраіны, а таксама што вядома пра выбухі на тэрыторыі расейскага аэрапорта ў Энгельсе Саратаўскай вобласьці і пра ракету на тэрыторыі Беларусі, Настоящему времени расказаў прадстаўнік камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат.
— Што вядома паветраным сілам Украіны наконт ракеты, якая ўпала на тэрыторыі Беларусі, таму што беларускія ўлады заяўляюць аб тым, што гэта была ўкраінская ракета?
— Так, чуў пра гэта, але яшчэ не было часу разьбірацца. Я, шчыра кажучы, у тым, была там ракета ці не была, ня бачу ніякай сэнсацыйнай навіны. Беларусь зь першых дзён дала сваю тэрыторыю акупантам для таго, каб наносіць удары па Ўкраіне: 24 лютага «Искандеры», «Точка-У» — усё, што магчыма, адтуль ляцела, авіяцыя расейская зь іх аэрадромаў, і білі па Ўкраіне сотні ракет. Але пра што тут увогуле можа быць гаворка? Ня раз тэрыторыя Беларусі, таксама і Малдовы, між іншым, выкарыстоўвалася для пралёта крылатых ракет, пра якія мы сёньня з вамі гаворым. Гэта Х-101 для таго, каб абыйсьці Ўкраіну, каб па шляху іх там ня зьбілі, і атакавалі адтуль заходнія вобласьці, праз Ровенскую і Валынскую вобласьці праляталі гэтыя ракеты і атакавалі такім чынам Львоўскую вобласьць.
Гэта мы бачылі ня раз, таму чаго тут можна чакаць? Калі яны атакуюць ракетамі адтуль ці сёньня расейскія ракеты ляцелі недзе на мяжы і спрабавалі там нейкія абʼекты паразіць, безумоўна, будзе працаваць СПА, а наступствы працы СПА могуць быць розныя. Украіна сябе абараняе, тут нават няма чаго камэнтаваць.
— Якімі ракетамі расейскае войска бʼе па тэрыторыі Ўкраіны?
— Адразу хачу ўдакладніць, што гэта за тыпы ракет. Ракеты, якія мы можам зьбіваць, якія мы ня можам зьбіваць у сілу іх тактыка-тэхнічных характарыстык. Мы павінны разумець, што ёсьць сродкі СПА ва Ўкраіне, якім недаступныя такія ракеты, як Х-22. Разам з Х-32 было да шасьці пускаў сёньня, таксама ракета Х-31П супрацьрадыёлякацыйная — таксама дзьве такія ракеты сёньня былі выпушчаныя па Ўкраіне, і ракеты С-300, якія супернік выпускае па балістычнай траекторыі па прыфрантавым гарадах. Гэта зэнітныя ракеты, якія прызначаны для зьнішчэньня паветраных цэляў, але ў Іраку іх ужываюць часта па прыфрантавым гарадах.
Астатнія ж ракеты — «Калибр» марскога базіраваньня з караблёў Чарнаморскага флёту, таксама ракеты Х-101, Х-555 паветранага базіраваньня, якія былі выпушчаныя стратэгічнай авіяцыяй з раёна Валгадонска і з раёна Касьпійскага мора. Менавіта гэтыя ракеты (Х-101, Х-555, «Калибр») былі сёньня зьнішчаны супрацьпаветранай абаронай, даволі пасьпяхова, вельмі вялікі працэнт на сёньняшні дзень зьнішчэньня менавіта гэтых ракет. Было выпушчана больш за трыццаць ракет Х-101 і Х-555 і каля дваццаці ракет «Калибр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі разглядае вэрсію правакацыі ў інцыдэнце з падзеньнем ракеты на Берасьцейшчыне— У чым асаблівасьць Х-22, Х-32, якія ўкраінскае СПА ня можа зьбіваць, і чаму ня можа?
— Ракеты выпускаюцца з самалётаў. Гэта высакахуткасныя ракеты, там хуткасьць 3-4 тысячы км/гадзіна.
— Расейскае Мінабароны заявіла, што «Калибры» ніколі ня скончацца. Ня ведаю, ці бачылі вы гэтае паведамленае, аднак шэраг экспэртаў не такія аптымістычныя, як расейскае Мінабароны. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую заяву і наколькі важныя ракеты «Калибр» для расейскага войска?
— Былі б ня важныя, не было б у іх столькі караблёў-носьбітаў менавіта гэтых «Калибров». Яны выхваляліся імі не адзін год, праводзілі вучэньні, паказвалі, што гэта такая непераўзыдзеная зброя, супраць якой няма ніякіх сродкаў. Ну, як бачым, ёсьць — амаль усе зьбіваюцца, хацелася б верыць, што ўсе 100%. Хочацца ня верыць, а спадзявацца на тое, што мы прыйдзем да такога выніку дзякуючы вялікім пастаўкам заходняга ўзбраеньня, але пакуль маем не стоадсоткавы вынік, але вельмі высокі менавіта дзякуючы самаадданасьці і прафэсіяналізму нашых людзей, якіх з кожным днём усё больш і больш.
— Што паветраным сілам Украіны вядома з нагоды выбухаў у раёне расейскага аэрадрома ў Энгельсе?
— Ня больш, чым вам. Мы бачылі вынік працы, яго зьнялі многія расейцы на камэры. Так, гэта паўплывае на нейкія працэсы ў расейскай авіяцыі. Там базуецца стратэгічная авіяцыя. Гэта зрабіла ім некаторыя цяжкасьці, так, перадыслякавалі некаторую колькасьць самалётаў на іншыя аэрадромы. Далёка ня ўсе аэрадромы гатовыя прымаць такую тэхніку, як Ту-95, некаторыя зь іх былі перадыслякаваны аж на Далёкі Усход, але пэўную колькасьць пакінулі на аэрадроме Энгельса.
Самалёты могуць у прынцыпе ўзьлятаць зь любога аэрадрома, выходзіць на баявы курс і наносіць удары, таму нічога такога, што ім можа перашкодзіць, у гэтым няма. Тое, што адбылося там, вітаецца ўсім украінскім народам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны заявіла, што выпушчаную ў Валынскай вобласьці ракету зьбіла беларуская СПА. Украіна не выключае правакацыі Расеі