Польшча ўвяла санкцыі супраць 12 беларускіх дэпутатаў і чыноўнікаў. СЬПІС

Людзі нясуць нацыянальны беларускі сьцяг падчас маршу салідарнасьці зь беларускім народам пасьля абвяшчэньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча, 14 жніўня 2020 году

Польшча ўнесла ў санкцыйны сьпіс 12 грамадзян Беларусі, адказных за рэпрэсіі ў краіне і садзейнічаньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

У санкцыйны сьпіс Польшчай унесеныя:

  • Канстанцін Драздоўскі — палітык, засядае ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, чалец камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным разьвіцьці.
  • Сьвятлана Горваль — палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, чалец камісіі па эканамічнай палітыцы.
  • Дзяніс Карась — палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, чалец камісіі па прамысловасьці, паліве, энэргетыцы, транспарце і сувязі.
  • Іван Мамайка — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, чалец камісіі па нацыянальнай бясьпецы, палкоўнік міліцыі.
  • Сяргей Рачкоў — палітык, засядае ў Савеце Рэспублікі, старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы.
  • Алег Румо — палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў, чалец камісіі па нацыянальнай бясьпецы.
  • Андрэй Савіных — палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі, старшыня камісіі па міжнародных справах, кіраўнік парлямэнцкай групы па польска-беларускім сяброўстве.
  • Сяргей Стэльмашок — палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў, чалец камісіі па бюджэце і фінансах. Прафэсійна працуе ў нафтавым сэктары.
  • Ганна Семянюк — сакратарка беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Займае пасаду намесьніцы начальніка Ўпраўленьня міжнароднага супрацоўніцтва сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў.
  • Ігар Таўтын — палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, чалец камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай палітыцы і справах моладзі.
  • Дзьмітры Варанюк — палітык, які працуе ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, былы першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.
  • Валер Варанецкі — дыплямат і палітык, які засядае ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, былы пасол у Славацкай Рэспубліцы, намесьнік міністра замежных спраў у 2006–2011 гг.

Як адзначае НАК, прычынай унясеньня ў санкцыйны сьпіс 12 грамадзян Беларусі, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, зьяўляецца парушэньне імі правоў чалавека, у тым ліку шматлікія факты перасьледу ў Беларусі актывістаў Саюзу палякаў, незаконны арышт Анджэя Пачобута і Анжалікі Борыс, іншыя варожыя дзеяньні ў дачыненьні да Польшчы.

Першапачаткова сьпіс быў створаны яшчэ сёлета ў красавіку з мэтай прыцягненьня да адказнасьці асоб, якія садзейнічаюць вайне, перш за ўсё грамадзян Расеі. Сьпіс адкрыты, ён рэгулярна абнаўляецца па рашэньні польскіх уладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: аўтара Youtube-канала MozgON Цыгановіча перавялі на турэмны рэжым, прызначылі дату суду над Пачобутам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З вольнай Беларусьсю ў нас ня будзе муру на мяжы». Былы і цяперашні прэзыдэнты Польшчы сустрэліся зь Ціханоўскай і беларусамі