Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на дадзеныя аналітычнай кампаніі Kpler. Аналітыкі зьвязваюць такое зьніжэньне з увядзеньнем забароны на марскія пастаўкі расейскай нафты ў краіны ЭЗ і столі цэн у 60 даляраў за барэль на нафту з Расеі, якая перавозіцца па моры. Яна была ўзгодненая Эўразьвязам, краінамі G7 і Аўстраліяй.
Гэтыя захады пакінулі невялікую колькасьць пакупнікоў расейскай нафты, уключаючы Індыю, Кітай, Турэччыну і Баўгарыю, якая вызвалена ад санкцый ЭЗ, сказаў аналітык кампаніі Kpler Мэт Сміт. Паводле яго, скарачэньне экспарту таксама можа быць зьвязана зь зімовым надворʼем, якое ўплывае на пагрузку нафты, а таксама зьніжэньнем попыту ў Кітаі на фоне каранавірусных абмежаваньняў.
Мэтай увядзеньня столі цэнаў было ўтрымаць расейскую нафту на рынку, каб пазьбегнуць скачкоў цэнаў на сусьветным рынку, і ў той жа час скараціць даходы Масквы ва ўмовах, калі Расея вядзе поўнамаштабную вайну супраць Украіны.
Расея ў адказ на гэта заявіла, што не будзе выконваць гэтую мяжу, нават калі ёй давядзецца скараціць вытворчасьць. Аднак Маскве прыйшлося шукаць альтэрнатыўныя рынкі збыту, у асноўным у Азіі, прыкладна на 1 млн барэляў у дзень.
Паводле зьвестак агенцтва Reuters, у сьнежні Расея прадавала Індыі нафту маркі Urals значна ніжэйшай за лімітавую цану ў 60 даляраў. 27 сьнежня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін забараніў пастаўляць расейскую нафту і нафтапрадукты замежным кампаніям у выпадку выкарыстаньня імі гранічных цэн, вызначаных ЗША і Эўразьвязам. Гэтае рашэньне будзе дзейнічаць з 1 лютага па 1 ліпеня 2023 года. Пры гэтым, як удакладняецца ва ўказе, Пуцін можа прыняць «спэцыяльнае рашэньне» адносна кампаній і фізычных асоб, якія зрабілі запыт на куплю расейскай нафты і нафтапрадуктаў.
Эканамічны экспэрт Ігар Ліпсіц у інтэрвію «Настоящему времени» заявіў, што папраўдзе гэты «ўказ — абсалютная пустышка»: «Прыкладна такая ж, якой пустышкай быў указ наконт продажу газу толькі за рублі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: экспарт нафты з Расеі ўпаў на 54% у першы тыдзень дзеяньня «столі» цэнаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканаміст Раманчук пра абмежаваньні цаны на расейскую нафту: «Пуцін у такім жа становішчы, як некалі Хусэйн»