Амаль 10 гадоў Аляксандар Бельскі быў штатным мастаком кінатэатру «Піянэр» і апошнім мастаком Менску, які маляваў афішы да сучасных фільмаў, гаворыцца ў рэпартажы DW.
У работах Аляксандра шмат сатыры, раней ён маляваў шаржы. Вясной 2022 году з прычыны цэнзуры ягоныя карціны зьнялі з выставы «Арт-Менск». Цяпер мастак жыве і працуе ў Бэрліне.
Гаворачы пра тую самую выставу на радзіме, работы на якой так і не зьявіліся, мастак гаворыць, што ніхто карціны і не разглядаў. Ён мяркуе, што зараней уверсе склалі сьпіс «непажаданых» аўтараў, паколькі ня толькі ягоныя творы з грамадзка-палітычным падтэкстам, але і зусім нэўтральныя творы іншых мастакоў апынуліся па-за экспазыцыяй у Палацы мастацтваў.
Бельскі — аўтар шэрагу карцін на тэматыку беларускіх пратэстаў. На адной зь іх ён намаляваў «анамалію» — паднятыя ў неба скруткі саломы і спробы службаў і царквы апусьціць іх на зямлю. Скруткі сымбалізуюць беларусаў, якія ўзьняліся над сваімі страхамі.
Выстава адбываецца ў Беларускім культурным цэнтры Бэрліну да 8 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прапагандыстка Бондарава накінулася на музэй Белага ў Старых Дарогах: зьніклі бюсты і барэльефы Арсеньневай, Геніюш, Каліноўскага