Мэта — ацэнка ведаў і дзеяньняў вайскоўцаў пры прывядзеньні воінскай часткі ў найвышэйшыя ступені баявой гатоўнасьці.
«У адпаведнасьці з плянам раптоўных праверак узроўню баявой і мабілізацыйнай гатоўнасьці, зацьверджаным начальнікам упраўленьня службы войскаў Узброеных сіл, у Менскай вайскрвай камэндатуры праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па пераводзе зь мірнага на ваенны час», — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны Беларусі.
Асноўная мэта трэнінгу, паводле ведамства, — праверка ведаў вайскоўцаў і ацэнка іх дзеяньняў пры прывядзеньні воінскай часткі ў найвышэйшыя ступені баявой гатоўнасьці.
Зь якой нагоды сёлета праводзіцца праверка гатоўнасьці беларускіх вайскоўцаў да магчымых ваенных дзеяньняў, у Мінабароны Беларусі не ўдакладнілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW ацэньвае рызыку прамога ўдзелу Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны як «вельмі нізкую»- Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расею, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а сьледам за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую РФ пачала 24 лютага. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
- Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ. У той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для ўдараў па Ўкраіне.
- Пры гэтым Беларусь наўпрост не далучылася да ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне.
- На мінулым тыдні кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў краінаў «вялікай сямёркі» ў сумеснай заяве па выніках сустрэчы зноў прыгразілі Беларусі «вялікімі дадатковымі выдаткамі» ў выпадку непасрэднага ўдзелу ў вайне.