Такія высновы ISW зрабіў у сваёй новай зводцы.
Папярэджаньне MDCOA (Найбольш небясьпечны курс дзеяньняў) ISW ад 15 сьнежня аб магчымым наступленьні Расеі на поўнач Украіны зімой 2023 года застаецца найгоршым сцэнарам у рамках прагнозаў.
«Цяпер ISW ацэньвае рызыку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зь Беларусі як нізкую, але магчымую, а рызыку непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне— як вельмі нізкую», — гаворыцца ў зводцы.
Сярод апошніх назіраных паказчыкаў для MDCOA спэцыялісты вылучаюць наступны:
- Мінабароны Вялікай Брытаніі пацьвердзіла папярэднія паведамленьні аб тым, што элемэнты расейскага 1-га гвардзейскага танкавага войска, пэўна, знаходзяцца ў Беларусі па стане на 27 сьнежня. Усе манэўраныя элемэнты 1-й гвардзейскай танкавай арміі панесьлі цяжкія страты пад Харкавам, Сумамі і на ўсходзе Кіеўскай вобласьці, што робіць сумнеўным яе «элітны» статус і эфэктыўную баявую моц нават пасьля аднаўленьня за кошт мабілізаваных рэзэрвістаў і/або прызыўнікоў.
Неадназначнымі паказчыкамі для MDCOA зьяўляюцца наступныя падзеі:
- 27 сьнежня Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка сустрэліся ў кулюарах пасяджэньня СНД у Санкт-Пецярбургу. Як расейскія, так і беларускія афіцыйныя справаздачы аб гэтай сустрэчы расплывістыя і не паказваюць на якую-небудзь значную актыўнасьць. Аднак сустрэча азнаменавала сабой павелічэньне тэмпу сустрэч кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў за апошні год. Пуцін і Лукашэнка раней сустракаліся ў Менску 19 сьнежня.
- Пуцін дадаткова падарыў васьмі кіраўнікам дзяржаў СНД, уключаючы Лукашэнку, спэцыяльна вырабленыя пярсьцёнкі. ISW раней ацэньваў, што Пуцін імкнецца ўсталяваць расейскі сюзэрэнітэт над краінамі СНД.
- Геалякацыйныя кадры, разьмешчаныя 27 сьнежня, паказваюць цягнік з сама меней 13 танкамі, які праходзіць транзытам каля Якуцка і, як паведамляецца, накіроўваецца ў бок Украіны. Няясна, ці накіроўваюцца танкі ў Беларусь, Данбас ці кудысьці яшчэ.
Контарпаказчыкамі для MDCOA зьяўляецца наступны факт:
- Украінскі Генштаб паўтарыў, што па стане на 27 сьнежня не назіраў, каб расейскія сілы ў Беларусі фармавалі ўдарную групу. Прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў 27 сьнежня, што сытуацыя на беларускай мяжы застаецца пад кантролем і «крыху напружанай у інфармацыйным полі». Дземчанка заявіў, што беларускія элемэнты застаюцца на ўкраінска-беларускай мяжы, але іх склад, пазыцыі і памеры не мяняюцца. Дземчанка падкрэсьліў, што Беларусь і Расея наўмысна ствараюць напружанасьць на граніцы шляхам дэманстратыўных сумесных вучэньняў, разгортваньня тэхнікі і дзейнасьці ў рамках Рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы.