У Бахмуце апошнія месяцы ідуць моцныя баі і абстрэлы. Некалькі разоў расейскія вайскоўцы прарываліся на ўскраіны горада, адкуль іх выбівалі УСУ. У пераднавагоднія дні абстрэлы таксама практычна не спыняюцца: падчас здымкаў сюжэту журналісты «Настоящего времени» таксама трапілі пад мінамётны абстрэл. На вуліцах гораду практычна няма людзей: тыя нямногія, хто застаўся, вырашаюць не выходзіць з падвалаў.
Пры гэтым ў двух валянтэрскіх пунктах, дзе раздаюць у Бахмуце ежу і гуманітарную дапамогу, ёсьць сьвятло, цяпло і інтэрнэт. У адзін з пунктаў вялікую, двухмэтровую ялінку ўрачыста ўносіць Міхаіл Пурышаў. Калісьці ён быў уладальнікам вялікага клюбу ў Марыюпалі і IT-кампаніі ў Івана-Франкоўску, а цяпер каардынуе працу «пункту нязломнасьці» ў прыфрантавым горадзе.
«Яе аскепкамі пасекла, і мы яе забралі. Не прападаць жа ялінцы, — усьміхаецца Міхаіл. — Мы разумеем, што хутка Новы год, а мы з гэтым усім, вайной і валянтэрствам, пра яго забыліся. І тады нам прыйшла ідэя паставіць елку».
Валянтэры запрасілі мясцовых жыхароў прынесьці на ялінку цацкі, якія ў іх засталіся — і іх у падвал прынесьлі дзясяткі.
«Раней на елку вешалі мандарыны і цукеркі, — успамінае жыхарка Бахмута Тацьцяна: яе дом знаходзіцца ў тым самым раёне, які ўвесь час абстрэльваюць. — Пад ялінку хочацца толькі міру. І яшчэ б мне хацелася, каб разам зь мірам людзі забыліся на тыя страшныя моманты, тыя страшныя эпізоды, якія ім убачыць прыйшлося».
«Хочацца міру, спакою і цішыні!» — гавораць мясцовыя жыхары ля дзьвярэй валянтэрскага пункту. Недзе недалёка ў гэты час раздаюцца два моцныя выбухі.
Іншая жанчына на пытаньне, што яна жадае пад Новы год, адказвае:
«Каб вайна скончылася, каб праца была і каб на слухаўкі назьбіраць грошы. А то ў мяне адзна слухаўка працуе, другой няма!»
У другім «пункце нязломнасьці» ялінкі няма, але склеп упрыгожаны сьвяточнымі гірляндамі. У гэтым падвале людзей і дзяцей асабліва шмат: многія часта тут начуюць. Маленькую Аню з братам бацькі пакідаюць з валянтэрамі на цэлы дзень і толькі ўвечары забіраюць дадому, дабягаючы да кватэры кароткімі перабежкамі.
«Тут есьці даюць, а мы тут проста знаходзімся, каб дома не быць», — гавораць дзеці.
Дыяна, якая таксама любуецца гірляндай, кажа, што ведае дзьве замежныя мовы і была выдатніцай у школе, але вось ужо паўгода ня вучыцца.
«Я не вучуся, зьбіраюся застацца на другі год. Але зь першага верасьня, думаю, атрымаецца выйсьці ў школу», — упэўнена кажа дзяўчынка.
«Дзяцей трэба адцягнуць. Дзеці — гэта тое пакаленьне, якое будзе потым. Калі зараз мы не зможам ім паказаць, што такое Ўкраіна і чаму яе трэба любіць, то празь пяць гадоў яны будуць такімі ж прарасейскімі, як і ўсе астатнія», — тлумачыць сэнс сьвята для бахмуцкіх дзяцей Міхаіл Пурышаў.
Валянтэры гавораць, што ўжо перасталі пераконваць людзей эвакуавацца: усе, хто хацеў, ужо даўно выехалі.
«Калі людзі тут шэсьць месяцаў сядзяць пад абстрэламі, магчыма, у іх ёсьць прычыны, каб так рабіць. Але нам іх цяжка зразумець, — кажа валянтэр Антон Ярамчук. — Зразумела толькі, што трэба ствараць такую сацыяльную прастору, дзе людзі могуць узаемадзейнічаць з рэальнасьцю, неяк рэфлексаваць».
«Вельмі важна да людзей данесьці, што іх не пакінулі. Таму што яны ў падвалах сядзяць і белага сьвету не бачаць, выходзяць, толькі калі ім трэба нешта здабыць: альбо ежу, альбо ваду. Ялінка — гэта такі псыхалягічны фактар, сымбаль нязломнасьці. — згаджаецца зь ім Міхаіл. — Сымбаль таго, што, што б ні было, што б ні адбывалася, Новага году не адмяняў ніхто. Ні вайна, ніхто яго не адмяняў! Ён ёсьць. І вось гэтая ялінка — гэта і ёсьць нязломнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: З пачатку вайны Расеі з Украінай загінулі амаль 7 тысячаў мірных украінскіх жыхароў, колькасьць параненых набліжаецца да 11 тысячаўВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.