Паводле дзяржаўнай статыстыкі, усяго са студзеня па верасень 2022 году (статыстыка за ўвесь год будзе толькі ў лютым) Беларусь наведалі каля 1 млн 163 тыс. замежных турыстаў. Прырост да паказьнікаў 2021 году склаў каля 22%, піша Myfin.by.
Найбольш было гасьцей з Расеі — каля 383 тыс. (без уліку турыстаў, якія перасеклі мяжу Беларусі наземным транспартам). Агульная плынь турыстаў з Расеі вырасла на 8%. Акрамя расейцаў, Беларусь у 2022 годзе наведалі 315 тысяч грамадзян Літвы, што ў сем разоў больш, чым за аналягічны леташні пэрыяд. У тыя ж 7 разоў павялічыўся паток гасьцей з Латвіі (а з Польшчы застаўся на ранейшым узроўні). Гэтаму паспрыяў бязьвізавы рэжым для грамадзян краін-суседак.
Таксама Беларусь наведвалі турысты з Кітая і Турэччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры грашах і патрабуе адпаведнага ўзроўню сэрвісу». Партрэт сярэднестатыстычнага расейскага турыста у Беларусі ў 2022 годзеУ асноўным у Беларусь прыяжджаюць замежныя прадстаўнікі сярэдняй клясы, як правіла, 30-40 гадоў. У адрозьненьне ад моладзі, яны часьцей за ўсё адпачываюць у беларускіх санаторыях.
Са студзеня па кастрычнік 2022 году, як сьцьвярджаецца, замежныя турысты прынесьлі ў эканоміку Беларусі каля 150 млн даляраў, што на 39% больш за леташні паказьнік за аналягічны пэрыяд.
У 2022-м разьвіваўся і ўнутраны турызм. Са студзеня па верасень 1 млн 157 тыс. беларусаў скарысталіся паслугамі турыстычных агенцтваў для падарожжаў па Беларусі. Гэта на 200 тыс. чалавек, ці на 16%, больш, чым за аналягічны пэрыяд 2021 году.
Чыноўнікі спадзяюцца, што ў 2023 годзе адным з кірункаў уязнога турызму ў 2023 годзе стануць аўтобусныя туры з Расеі ў Беларусь як імпартазамяшчэньне эўрапейскім турам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі і Польшча ад 19 верасьня закрылі ўезд грамадзянам Расеі з турыстычнымі візамі