Напой, які прадаецца ў крамах у Крыме, разьліты на заводзе «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусія» у Калядзічах. Праект Motolko.help падазрае, што можа весьціся пра кантрабандныя пастаўкі праз Расею дзеля далейшай рэалізацыі.
Юрыдычны адрас на бутэльках і бляшанках у Крыме цалкам супадае з адрасам, пазначаным на сайце coca-cola.by.
Паводле інфармацыі крыніц выданьня, «Кока-Кола» беларускага разьліву пачала паступаць у продаж у розных крамах, прынамсі ў Сімферопалі і Алушце. Прычым гаворка ідзе не пра рынкі, а пра невялікія сеткавыя крамы. Бясспрэчным доказам набыцьця гэтага напою ў Крыме служыць касавы чэк, паказаны праекту.
У выніку расьсьледаваньня высьветлілася, што прадукцыя кампаніі The Coca-Cola Company прадаецца ў дастаткова буйной сетцы прадуктовых крамаў «Яблоко».
«Нашыя крамы разьмешчаныя ў многіх населеных пунктах Крыма: Сімферопаль, Севастопаль, Эўпаторыя, Ялта, Алушта, Белагорск, Чарнаморскае, Партэніт, Судак, Сакі, Джанкой», — сказана на старонцы «Яблока» ва «ЎКантакце».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады анэксаванага Расеяй Крыму заявілі, што заключылі кантракты на пастаўкі ў Беларусь прадукцыі на 2,6 млн даляраўАкрамя гэтага, аўтарам расьсьледаваньня стала вядома, што «Кока-Кола» беларускай вытворчасьці паступіла ў продаж і ў іншай сетцы прадуктовых крамаў у Крыме — «7М Безцэн».
Справа можа ісьці пра абыходжаньне санкцый. Яшчэ ў чэрвені 2022 году Reuters са спасылкай на заяву The Coca-Cola Company паведаміў, што ў Расеі спыніцца вытворчасьць і продажы «Кока-Кола» і іншых прыналежных гэтай кампаніі брэндаў. На сайце прадстаўніцтва Coca-Cola Company ў Расеі таксама сказана, што кампанія прыпыняе сваю дзейнасьць у Расеі.
У верасьні 2022 года Менск і Севастопаль заключылі пагадненьне аб супрацоўніцтве, нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск так і не прызнаў Крым расейскім.
Міжнародная супольнасьць лічыць анэксаваны ў 2014 годзе паўвостраў Крым неад’емнай часткай Украіны. На Расею за анэксію паўвострава наклалі шэраг санкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета Латвія спыніла больш за 3 тысячы спробаў абыходу Беларусьсю і Расеяй санкцый ЭЗ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: беларускую драўніну пастаўляюць у ЭЗ у абыход санкцый праз Казахстан і Кіргізстан