26 сьнежня вынесьлі прысуд менскаму скуралупу, які забіваў катоў «ад дрэннага настрою».
Мікалаю Кавалёву 22 гады. Яго абвінавацілі ў забойстве 16 катоў і паводле артыкулу «аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі» прысудзілі 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Аднак «у сувязі зь дзеяньнем закону „Аб амністыі“» тэрмін Кавалёву адразу ж зьменьшылі да двух гадоў, паведаміла дзяржаўнае выданьне «СБ. Беларусь сегодня».
Акрамя таго, скуралупу патрэбна будзе кампэнсаваць вытраты на правядзеньне экспэртызаў у памеры 2200 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся суд над скуралупам зь Менску. Сьледчыя гавораць пра 16 забітых ім катоўДва гады таму ў Менску стала вядомай гісторыя, як малады чалавек на захадзе сталіцы браў да сябе катоў, адгукаючыся на абвесткі пра пошук гаспадароў для жывёлаў. Затым бясьсьледна зьнікаў, паведамляў Онлайнер.
Празь нейкі час людзі, у якіх каты да таго знаходзіліся на ўтрыманьні, пачыналі хвалявацца. Мужчына толькі адказваў, што каты ўцякалі. Але аднойчы, пасьля затрыманьня за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы», ён прызнаўся, што забіў дзевяць катоў. Потым ад сваіх словаў адмовіўся, усклаўшы віну на зоаабаронцаў, якія нібыта на яго ціснулі.
У жніўні 2022 году сусед мужчыны паведаміў, што чуў крыкі за сьцяной, а ў сьмецьцевым кантэйнэры знайшлі цела кацяняці. У лістападзе падазраванага арыштавалі паводле частак 1 і 2 арт. 339-1 (жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое пацягнула за сабой яго гібель і калецтвы, зьдзейсьненае з хуліганскіх і іншых нізкіх памкненьняў, зьдзейсьненае паўторна). Справу разглядаў суд Фрунзэнскага раёну Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску 22-гадовы хлопец забіў 16 катоў «праз дрэнны настрой». Яго будуць судзіцьРаней сілавікі пяць разоў адмаўляліся заводзіць на яго крымінальную справу, але цяпер знайшлося цела забітага ката. Экспэртыза вэтэрынара выявіла відавочныя прыкметы гвалтоўнай сьмерці, у тым ліку ад узьдзеяньня атрутных рэчываў.
22-гадовы асуджаны выхваляўся, што працягне забіваць далей, бо яму ніхто нічога ня зробіць. Катоў ён забіваў нібыта за тое, што «ў іх няма душы» або праз «адсутнасьць настрою». Псыхічных разладаў у яго ня выявілі, ён разумеў, што робіць. Суседзі неаднойчы чулі крыкі кацянят з суседняй кватэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі памерла валянтэрка, якая ратавала бяздомных жывёлаў. 85 сабак і 75 катоў патрабуюць дапамогі