Намесьнік Кіева-Пячорскай ляўры мітрапаліт Павел (Лебедзь) у відэазвароце да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага сказаў, што Ўкраінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату не працягнулі арэнды памяшканьняў у ляўры, у прыватнасьці гаворка ідзе аб Усьпенскім саборы і Трапезнай царкве. Паводле яго, дырэктар музэю (кіраўнік дзяржаўнага запаведніка «Кіева-Пячорская ляўра») апавясьціў іх аб тым, што яны могуць служыць у апошні раз 31 сьнежня.
«На наступны дзень мы ня маем права пераступіць парог Трапезнага і Ўсьпенскага сабораў», — заявіў ён.
Мітрапаліт Павал сказаў, што УПЦ МП не атрымала пісьмовага апавяшчэньня аб спыненьні арэнды з 1 студзеня, якое яны павінны былі атрымаць за месяц, паводле закону. Ён заклікаў прэзыдэнта Зяленскага «абараніць» УПЦ МП — заклікаць урад і дэпутатаў не прымаць рашэньня аб заканчэньні арэнды храмаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Латвіі прагаласаваў за вывад Латвійскай праваслаўнай царквы з-пад улады Маскоўскага патрыярхатуУ пачатку сьнежня прадстаўнік ПЦУ Яўстрацій Зара паведаміў, што Кіева-Пячорская ляўра стала манастыром Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ). Гэты крок, паводле Зары, быў зроблены з мэтай «аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці і пераадоленьня наступстваў некананічнага падпарадкаваньня ўкраінскай сьвятыні ўладзе Маскоўскага патрыярхату». Новым кіраўніком лаўры стане мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній.
Усе храмы комплексу Кіева-Пячорскай лаўры знаходзяцца ў арэндзе ў Расейскай праваслаўнай царквы (Маскоўскі патрыярхат).
Раней Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, які забараняе дзейнасьць рэлігійных арганізацый, зьвязаных з Расеяй.
Служба бясьпекі Ўкраіны правяла шэраг ператрусаў у царкоўных збудаваньнях на тэрыторыях Сьвята-Ўсьпенскай Кіева-Пячорскай ляўры. Супраць мітрапаліта Паўла (Лебедзя) увялі санкцыі. У розных асяродках Маскоўскага патрыярхату знаходзілі расейскія шавіністычныя выданьні, у якіх падтрымліваецца палітыка Крамля, а нярэдка і аспрэчваецца патрэба ў існаваньні незалежнай Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія рублі і сухія пайкі, пракрамлёўская літаратура — СБУ пра знаходкі ў Харкаўскай япархіі УПЦ (МП)РПЦ у асобе кіраўніка патрыярха Кірыла адкрыта падтрымала і дабраславіла ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну. Пры гэтым падчас абстрэлаў расейскімі войскамі гарадоў і паселішчаў Украіны пацярпелі дзясяткі цэркваў і манастыроў, у тым ліку Маскоўскага патрыярхату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РПЦ падпарадкавала сабе прыходы Ўкраінскай праваслаўнай царквы ў Крыме