Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў асудзіла выракі Ярашуку і іншым лідэрам БКДП

Сяргей Антусевіч, Аляксандар Ярашук, Ірына Бут-Гусаім

Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў (ITUC), сябрам якой зьяўляецца зьліквідаваны Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), асудзіла вынясеньне прысуду кіраўніцтву БКДП.

У Менскім гарадзкім судзе 26 сьнежня вынесьлі прысуды ў крымінальнай справе, заведзенай на актывістаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў — Аляксандра Ярашука, ягонага намесьніка Сяргея Антусевіча і бухгальтаркі Ірыны Бут-Гусаім. Іх абвінавацілі ў «дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342), а Ярашука таксама ў «закліках да мер абмежавальнага характару, іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361).

Судовы працэс вяла судзьдзя Валянціна Зянкевіч, паведаміла «Вясна». Яна прызначыла палітвязьням наступныя тэрміны:

  • Аляксандру Ярашуку — 4 гады калёніі агульнага рэжыму;
  • Сяргею Антусевічу — 2 гады;
  • Ірыне Бут-Гусаім — 1,5 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прысуды кіраўніку і дзеячам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў: ад 1,5 да 4 гадоў турмы

У заяве Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў з гэтай нагоды адзначылі, што віцэ-прэзыдэнт МКП і старшыня Канфэдэрацыі працы Расеі Барыс Краўчанка назіраў за судовым працэсам і даваў паказаньні.

«Я змог данесьці да суду пазыцыю маёй арганізацыі, а таксама МКП, — сказаў Краўчанка. — Суд быў праведзены працэсуальна правільна, але нашы калегі асуджаныя паводле артыкулаў, якія самі па сабе парушаюць міжнародныя абавязаньні, у тым ліку канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама канстытуцыйныя правы грамадзян Беларусі. Ужываньне гэтых артыкулаў да прафсаюзных дзеячаў абсурдна. Мы працягнем барацьбу за іх поўную рэабілітацыю, за аднаўленьне БКДП і свабоду аб’яднаньняў у Беларусі».

Намесьнік генэральнага сакратара МКП Оўэн Цюдар заявіў, што «прафсаюзы ўсяго сьвету абураныя несправядлівасьцю гэтага нападу на свабоду асацыяцыі» ў Беларусі.

«Мы працягнем змагацца за іх вызваленьне, спыненьне перасьледу ўсіх прафсаюзных актывістаў у Беларусі і поўную адмену забарон, накладзеных на БКДП і яе членскія арганізацыі. Мы на баку працоўных Беларусі», — падкрэсьліў прадстаўнік глябальнага прафсаюза.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ў закрытым працэсе судзяць прафсаюзных лідэраў Арэшку, Берасьнева і Фядыніча