«Такі жорсткі прысуд — 12 гадоў па максымуме — мяне не зьдзівіў. Было зразумела і відавочна, што мы зрабілі сыстэме даволі балюча. Сыстэма цяпер нэрвуецца, сыстэма перажывае», — кажа Аляксандар.
«Беларускія ўлады паспрабавалі ўсё гэта сьпіхнуць на нас»
Падрабязнасьцяў, як праходзіў сам працэс, ён амаль ня ведае, чытаў пра гэта ў СМІ.
«Чытаў, што абвінавачаньне настойвала, маўляў заклікі да міжнародных санкцый нашага Фонду спартовай салідарнасьці прывялі да адмены спартовых мерапрыемстваў.
Адзіны цікавы факт я ведаю, што Эўрапейскі веласіпедны саюз фактычна „стырыў“ 200 тысяч эўра ў Беларускай фэдэрацыі веласпорту. Беларуская фэдэрацыя заплаціла ўнёсак за правядзеньне ў краіне чэмпіянату Эўропы — 200 тысяч эўра, але чэмпіянат перанесьлі, пасьля таго як беларускія ўлады пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам. Але Эўрапейскі веласіпедны саюз адмяніў чэмпіянат у Беларусі з фармулёўкай „з прычыны лягістычных цяжкасьцяў“.
А цяпер беларускія ўлады паспрабавалі ўсё гэта сьпіхнуць на нас: маўляў, з прычыны нашай дзейнасьці не адбыліся спаборніцтвы, і Фэдэрацыя панесла матэрыяльныя страты. Таму мяне гэта крыху насьмяшыла», — расказаў Апейкін.
Што тычыцца маёмасьці, канфіскаванай на карысьць дзяржавы, Аляксандар Апейкін кажа, што ў яго забралі былі нейкія дробязі, кшталту тэлефонаў. Буйной нерухомасьці ў яго не было.
«Але я ня стаўлюся да гэтага сур’ёзна, гэта не выклікала ў мяне трывогі. Я думаю, у Сашы Герасімені тое самае. Бо гэтую сытуацыю мы даўно прагназавалі, мы да гэтага ўжо былі маральна падрыхтаваныя. Таму гэта ўжо так моцна не зачапіла».
«Сыстэма, якая генэруе такія прысуды, адчувае поўную няўпэўненасьць у сабе»
Спадар Апейкін кажа, што на гэтую сытуацыю трэба глядзець зь іншага ракурсу — што ўлада напалоханая.
«Калі такія суровыя прысуды выносяцца, гэта сьведчыць пра тое, што сыстэма вельмі знэрваваная, напалоханая, яна адчувае, што ня можа ўжо сябе абараняць. Гэта робіцца для таго, каб запалохаць актыўнасьць, запалохаць людзей. Сыстэма, якая генэруе такія прысуды, адчувае поўную няўпэўненасьць у сабе. Насамрэч ва ўлады ўсё вельмі дрэнна. Трымацца ўлада можа толькі на рэпрэсіях, больш у яе няма ніякіх падмуркаў».
На думку спадара Апейкіна, задача Беларускага Фонду спартовай салідарнасьці — зрабіць усё, каб людзі, якія атрымалі вялікія прысуды, столькі не сядзелі.
«Гэта тое, што нас кожны дзень заводзіць, тое, што трымае ў справе, матывуе. Гэта на нашым сумленьні. А што тычыцца такіх сур’ёзных рэпрэсій супраць спартоўцаў — гэта самастрэл, бо гэта ж без увагі Міжнароднага алімпійскага камітэту не застанецца. Будуць зробленыя сур’ёзныя высновы. Бяз спорту застанецца ўся дзяржава», — мяркуе спадар Апейкін.
- 26 сьнежня 2022 году Аляксандра Апейкіна і Аляксандру Герасіменю завочна прызналі вінаватымі ў закліках да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК) і прысудзілі ім максымальны тэрмін, прадугледжаны гэтым артыкулам, — 12 гадоў зьняволеньня кожнаму.