Улады анэксаванага Расеяй Крыму заявілі, што заключылі кантракты на пастаўкі ў Беларусь прадукцыі на 2,6 млн даляраў

Крым

Улады анэксаванага Крыму ў 2022 годзе заключылі кантракты на пастаўку ў Беларусь прадукцыі на 183 млн расейскіх рублёў (каля 2,6 млн даляраў), паведаміла віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў акупацыйнай адміністрацыі Крыму Ірына Ківіка.

Размова аб экспарце віна і мукі зь вінаграднай костачкі (агулам менш за 730 тысяч даляраў), а таксама футра норкі (звыш 1,2 млн даляраў), цытуе чыноўніцу ТАСС.

Раней кіраўнік анэксаванай РФ у 2014 годзе аўтаномнай украінскай рэспублікі Сяргей Аксёнаў заявіў, што сёлета «супрацоўніцтва зь Беларусьсю выходзіць на новы ўзровень».

«Разьвіваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі Крыму зь Віцебскай вобласьцю. У ліпені гэтага году на IX Форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі ў Горадні падпісаны пратакол аб намерах супрацоўніцтва паміж Саветам міністраў Рэспублікі Крым і Віцебскім аблвыканкамам», — зазначыў ён 18 сьнежня, успамінае BPN.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна верне сабе Крым да канца лета». Што казалі ўдзельнікі дыскусіі Atlantic Council пра хаду вайны

Акрамя гэтага, у кастрычніку свабодныя эканамічныя зоны «Крым» і «Віцебск» падпісалі пратакол аб намерах супрацоўніцтва.

«Нашы беларускія партнэры разглядаюць крымскія вытворчыя пляцоўкі для лякалізацыі беларускіх зборачных вытворчасьцяў. Мы гатовыя прапанаваць Рэспубліцы Беларусь выкарыстоўваць крымскія парты ў якасьці паўднёвай марской брамы Эўразійскага эканамічнага саюзу», — рэзюмаваў Аксёнаў.

30 лістапада 2021 году ў інтэрвію міжнароднаму інфармацыйнаму агенцтву «Россия сегодня» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае намер наведаць Крым і хацеў бы пачаць такую паездку з наведваньня Севастопаля. Аднак з таго часу прайшло больш за год, і Лукашэнка ў Крым не прыяжджаў.

За анэксію Крыму ў 2014 годзе на Расею наклалі міжнародныя санкцыі. На паўвостраве не працуюць карткі міжнародных банкаўскіх сыстэм, абмежаваныя многія іншыя магчымасьці. Міжнародная супольнасьць лічыць Крым часткай Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін распарадзіўся аддаваць бясплатна зямельныя ўчасткі ў Падмаскоўі і Крыме вайскоўцам, якія адзначыліся ў вайне ва Ўкраіне