Два гады таму ў Менску стала вядомай гісторыя, як малады чалавек на захадзе сталіцы браў да сябе катоў, адгукаючыся на абвесткі пра пошук гаспадароў для жывёлаў. Затым бясьсьледна зьнікаў, піша Онлайнер.
Настаў час, калі людзі, у якіх каты да таго знаходзіліся на ўтрыманьні, пачыналі хвалявацца. Мужчына толькі адказваў, што каты ўцякалі. Але аднойчы, пасьля затрыманьня за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы», ён прызнаўся, што забіў 9 катоў. Потым ад сваіх словаў адмовіўся, усклаўшы віну на зоаабаронцаў, якія нібыта на яго ціснулі.
У жніўні 2022 году сусед мужчыны паведаміў, што чуў крыкі за сьцяной, а ў сьмецьцевым кантэйнэры знайшлі цела кацяняці. У лістападзе падазраванага арыштавалі па ч. 1, 2 арт. 339-1 (жорсткае абыходжаньне з жывёлай, якое пацягнула за сабой яго гібель і калецтвы, зьдзейсьненае з хуліганскіх і іншых нізкіх памкненьняў, зьдзейсьненае паўторна). Справу разглядае суд Фрунзэнскага раёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі памерла валянтэрка, якая ратавала бяздомных жывёлаў. 85 сабак і 75 катоў патрабуюць дапамогіРаней сілавікі пяць разоў адмаўляліся заводзіць на мужчыну крымінальную справу, але цяпер знайшлося цела забітага ката. Экспэртыза вэтэрынара выявіла відавочныя прыкметы гвалтоўнай сьмерці, у тым ліку ад узьдзеяньня атрутных рэчываў.
22-гадовы злачынца адкрыта выхваляўся, што працягне забіваць далей, бо яму ніхто нічога ня зробіць. Катоў ён забіваў нібыта за тое, што «ў іх няма душы» або праз «адсутнасьць настрою». Псыхічных разладаў у яго ня выявілі, ён разумеў, што робіць. Суседзі неаднойчы чулі крыкі кацянятаў з суседняй кватэры.
26 сьнежня пройдзе чацьвёртае слуханьне ў справе. Сьледчыя заяўляюць, што падсудны забіў 16 катоў, ён ужо прызнаў 15 выпадкаў забойства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьнік корм для хворага старога ката. Ён прымае антыдэпрэсанты». Як жывёлы пакутуюць праз вайну і палітычны крызіс