Мінабароны РФ: Авіябаза ў Энгельсе атакаваная ўкраінскім бесьпілётнікам. Загінулі трое вайскоўцаў

Расейскі бамбавік Ту-95 на аэрадроме Энгельс

Расейскія СПА зьбілі ўкраінскі беспілотнік на падлёце да вайсковага аэрадрома «Энгельс» у Саратаўскай вобласьці, паведаміла Мінабароны Расеі. Загінулі трое вайскоўцаў.

«26 сьнежня каля 1:35 мск сродкамі супрацьпаветранай абароны ПКС Расеі зьбіты на малой вышыні пры падлёце да вайсковага аэрадрома „Энгельс“ Саратаўскай вобласьці ўкраінскі бесьпілётны лятальны апарат. У выніку падзеньня абломкаў бесьпілётніка трое расейскіх вайскоўцаў тэхнічнага складу, якія знаходзіліся на аэрадроме, атрымалі сьмяротныя раненьні. Авіяцыйная тэхніка пашкоджаньняў не атрымала», — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны Расеі.

Раней пра выбухі на расейскім вайсковым аэрадроме ў Энгельсе, дзе базуюцца стратэгічныя бамбавікі, паведамілі шэраг расейскіх і ўкраінскіх СМІ.

Украінскае агенцтва навін РБК-Украіна паведамляе пра два выбухі ў раёне авіябазы.

Расейскі тэлеграм-канал Baza з спасылкай на мясцовых жыхароў піша, што ў горадзе былі чуваць сыгналы паветранай трывогі і гукі выбухаў.

Авіябаза ў Энгельсе ў Саратаўскай вобласьці разьмешчана ня менш як за 700 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Ўкраіны: пасьля трох атак на вайсковыя аэрадромы Расея перакідае бамбавікі ў іншыя рэгіёны

Гэта другі інцыдэнт на тэрыторыі авіябазы «Энгельс-2» за месяц. 5 сьнежня бесьпілётнік упаў на ўзьлётна-пасадачную паласу базы, у выніку чаго два бамбавікі Ту-95 атрымалі пашкоджаньні.

Некалькі тэлеграм-каналаў апублікавалі відэа, на якім відаць успышкі і чуваць гукі, падобныя да выбухаў у раёне аэрадрома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна зьмяніла геаграфію вайны»: удары «ў сэрца Расеі» па авіябазах. Здымкі з космасу