Улады Кітаю анансавалі 25 сьнежня, што з гэтага часу ня будуць публікаваць штодзённыя зводкі аб захворваньні на каранавірусную інфэкцыю COVID-19. Заява зьявілася на фоне зьвестак пра рэзкі рост колькасьці інфікаваных у апошнія тыдні.
Па шэрагу ўнутраных ацэнак, якія не былі пацьверджаныя афіцыйна, 248 мільёнаў чалавек, ці 18 адсоткаў насельніцтва Кітая, заразіліся каранавірусам толькі за першыя тры тыдні сьнежня пасьля таго, як улады зьнялі абмежаваньні на кантакты паміж жыхарамі.
Гэтыя лічбы рэзка кантрастуюць з афіцыйнай статыстыкай з пачатку сьнежня. Згодна зь ёй, захварэлі па ўсёй краіне толькі 62 тысячы чалавек.
Адначасова паступаюць зьвесткі, што бальніцы ў Кітаі перапоўненыя, а крэматорыі ўжо не спраўляюцца з колькасьцю памерлых. Экспэрты прагназуюць сотні тысяч сьмерцяў, перадае нямецкае агенцтва навінаў DPA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: у Кітаі 37 млн чалавек заразіліся COVID-19 за адзін дзень