На Мальтыйскім кніжным кірмашы ў 2019 годзе прысутнічала невялікая дэлегацыя ад беларускіх кнігавыдаўцоў. Зь яе прадстаўнікамі тады пазнаёмілася мальтыйская паэтка Яна Псайла. Цяпер яна перакладае на мальтыйскую мову творчасьць Якуба Коласа, піша «Зьвязда».
Менавіта Яна Псайла падрыхтавала на мальтыйскую мову пераклад урыўку з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». Кніга «Францыск Скарына на мовах народаў сьвету» выходзіла ўжо чатыры разы. У пятым выданьні можа быць і мальтыйскі пераклад.
На Мальце Яна Псайла надрукавала свае пераклады на мальтыйскую мову вершаў народнага паэта Беларусі Якуба Коласа «Не бядуй!» і «Родныя вобразы». Першы твор надрукаваны ў 2022 годзе ў № 41 часопіса-штогодніка Мальтыйскага ўнівэрсытэту «Лехен іль-Мальці». А пераклад вершу «Родныя вобразы» — у штодзённай газэце Мальты «іт-Торча» 4 сьнежня 2022 году.
У Беларусі верш Якуба Коласа на мальтыйскай мове пабачыць сьвет у анталёгіі аднаго вершу Якуба Коласа «„Родныя вобразы“ на мовах народаў сьвету».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што застаецца? Прыватны позірк на літаратурныя вынікі 2022 годуЯна Псайла шмат перакладае з паэзіі славянскіх народаў. Сярод яе здабыткаў — і пераўвасабленьне на мальтыйскую мову твораў Адама Міцкевіча і Тараса Шаўчэнкі.
Мальтыйская мова — афра-азіяцкая мова сэміцкай групы, што паходзіць ад позьнесярэднявечнай сыцылійскай арабскай мовы з уплывам раманскіх. На Мальце зьяўляецца афіцыйнай мовай разам з ангельскай. Паводле статыстыкі 2015 году, выдадзенай у штогадовай публікацыі справаздачы «Ethnologue: Languages of the World», па-мальтыйску размаўлялі 522 тысячы чалавек, зь іх каля 150 тысяч — прадстаўнікі мальтыйскай дыяспары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чый, як не беларускі, сёньня яшчэ можа быць Кульбак?» Размова зь перакладчыкам усіх вершаў і паэмаў Мойшэ Кульбака