Краіны ЭЗ за мінулыя суткі не дазволілі 143 мігрантам нелегальна трапіць на сваю тэрыторыю зь Беларусі

На мяжы Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае фота.

За мінулыя суткі краіны Эўрапейскага Зьвязу не дазволілі нелегальна прабрацца 143 мігрантам з тэрыторыі Беларусі (днём раней — 97).

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 23 сьнежня на літоўска-беларускім памежжы не зафіксавалі ніводнай спробы пранікненьня. Са студзеня іх было зроблена 11.137.

Літоўскае ведамства са спасылкай на калег з Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі таксама адзначыла, што ў папярэдні дзень задакументавана 40 спробаў незаконнага перасячэньня беларуска-латвійскай мяжы.

Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, за мінулыя суткі з боку Беларусі мяжу спрабавалі нелегальна перасекчы 103 замежнікі (суткамі раней — 66, ад пачатку месяца — 1.160, года — 15.300). За дапамогу нелегальнай міграцыі затрымалі двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест беларускіх візаў — расейскія. У мігрантаў, якія штурмуюць беларуска-польскую мяжу, новы маршрут
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра яшчэ аднаго памерлага мігранта на мяжы з Польшчай
  • Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 года. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.
  • Да пачатку вайны ва Украіне міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.
  • Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.