«Мы разумеем усе пагрозы»: у памежнай службе Ўкраіны расказалі аб сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю

Сьцяна на мяжы Ўкраіны і Беларусі

Сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю кантраляваная, перамяшчэньня тэхнікі і войскаў на тым баку не назіраецца, паведаміў у эфіры тэлемаратону прэс-сакратар Дзяржпамежслужбы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

«Вядома, Беларусь умацоўвала мяжу з нашай краінай, і там пра гэта казалі, тлумачачы гэта «пагрозай» з нашага боку», – сказаў Дземчанка.

Паводле яго слоў, тыя падразьдзяленьні, якія былі накіраваныя ў Беларусь для ўмацаваньня мяжы, там і застаюцца, ані іх колькасьць, ані характар іх дзеяньняў не мяняюцца.

«Аднак увага Ўкраіны больш засяроджаная на дзеяньнях у глыбіні тэрыторыі Беларусі. Ідуць сумесныя вучэньні падразьдзяленьняў Беларусі і Расеі. Нядаўна РБ правяло раптоўную праверку боегатоўнасьці сваіх падразьдзяленьняў. Ну і ўласна так званае разгортваньне войскаў «саюзнай дзяржавы», – адзначыў Дземчанка.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што апошнім часам адбываецца нагнятаньне сытуацыі з боку Беларусі і Расеі.

«Такім чынам яны спрабуюць прадэманстраваць, што яны да чагосьці рыхтуюцца, каб стрымаць пэўную колькасьць украінскіх сіл на гэтым напрамку, каб мы іх не перакінулі ў больш важныя месцы, дзе ідуць баі. «Украіна, вядома, ніколі не выключала магчымасьці паўторнага ўводу войскаў зь Беларусі, няхай гэта будзе Расея, а расейцы самі ціснуць на Беларусь, каб яна ўвязалася ў адкрытую вайну супраць Украіны», – растлумачыў Дземчанка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы выкарыстоўваюць плёткі аб перамовах, каб напасьці на Кіеў ці зь Беларусі на Валынь». Экспэрты — аб плянах Пуціна

Ён падкрэсьліў, што Беларусь па сутнасьці ўжо зьяўляецца ўдзельнікам гэтай вайны, бо аддае сваю тэрыторыю і паветраную прастору расейцам для агрэсіі.

«Наша галоўная задача – быць гатовымі. Мы разумеем усе пагрозы. Ударнай групоўкі, якая была б гатовая ажыцьцявіць уварваньне, на дадзены момант няма», – рэзюмаваў Дземчанка.

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны ў нядаўна апублікаваным інтэрвію The Economist заявіў, што расейскія войскі могуць зноў паспрабаваць атакаваць Кіеў.

«Расейцы рыхтуюць каля 200 тысяч новых салдат», – сказаў Залужны. «Я не сумняваюся, што яны зноў паспрабуюць атакаваць Кіеў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка і Інстытут вывучэньня вайны: новае ўварваньне расейскіх войскаў зь Беларусі «малаверагодна, але магчыма»

Выданьне са спасылкай на словы Валерыя Залужнага піша, што Расея можа пачаць буйны наступ з Данбаса, з поўдня ці нават з Беларусі ўжо ў студзені ці вясной.

The Economist адзначае, што на 1000-кіламетровым фронце амаль не было руху на працягу месяца, і спасылаецца на заяву брытанскага адмірала Энтані Радакіна аб тым, што цяперашні дэфіцыт артылерыйскіх снарадаў азначае, што магчымасьці Расеі для наземных апэрацый «хутка зьмяншаюцца».

  • Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у інтэрвію The Guardian заявіў, што навучаньне дзясяткаў тысяч мабілізаваных і навабранцаў можа сьведчыць аб намерах Расеі пачаць новы наступ ва Ўкраіне.
  • А перад гэтым міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба выказаў здагадку, што здольнасьць Расеі весьці «буйны наступ» можа быць адноўлена да канца студзеня-лютага. Пра гэта кіраўнік украінскага МЗС паведаміў 13 сьнежня, размаўляючы з замежнымі журналістамі ў бамбасховішчы ў Кіеве.
  • 17 сьнежня прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што Расея на дадзены момант не гатовая да новага поўнамаштабнага наступу. У прыватнасьці, у выведцы заяўляюць, што ня бачаць «ні фарміраваньня ўдарных груповак расейскіх войскаў, ні іх падцягваньня да мяжы».