У 2022 годзе сама меней 24 сьвятары зазналі перасьлед з боку ўладаў, — «Хрысьціянская візія»

Ілюстрацыйнае фота

У 2022 годзе ў Беларусі шэраг сьвятароў затрымлівалі, праходзілі ператрусы, выклікалі ў міліцыю і КДБ, арыштоўвалі і прыцягвалі да адказнасьці. Група «Хрысьціянская візія» зафіксавала 24 такія выпадкі.

На працягу 2022 году сама меней 8 рыма-каталіцкіх, 3 грэка-каталіцкіх, 6 праваслаўных сьвятароў і 7 пратэстанцкіх пастараў сутыкнуліся з рознымі формамі ціску з боку беларускіх уладаў.

Каталіцкія сьвятары, якія зазналі перасьлед:

  • пробашч парафіі сьвятога апостала Андрэя ў Лынтупах Аляксандар Баран (агулам 33 дзён адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаваньне» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»),
  • пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах Анджэй Бульчак (грамадзянін Польшчы, выехаў зб Беларусі праз пагрозу перасьледу, завочна аштрафаваны на 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
  • пробашч віцебскай парафіі Сьвятога Духа Андрэй Вашчук (два арышты па 15 дзён за «несанкцыянаванае пікетаваньне», а таксама 320 рублёў штрафу за «экстрэмісцкія матэрыялы»; быў вымушаны пакінуць Беларусь),
  • пробашч прыходу сьвятога Ёзафата Кунцэвіча ў Расонах Вячаслаў Барок (зьехаў з краіны ў сярэдзіне 2021 году пасьля павышанай увагі сілавікоў да яго рэлігійных і экстрэмальна-сацыяльных ролікаў, у лістападзе гэтага года міліцыя спрабавала даведацца ў яго бацькі, калі Барок вернецца ў Беларусь).
  • пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках Андрэй Кеўліч (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
  • вікарый магілёўскай парафіі сьвятога Антонія Падуанскага Віталь Чабатар (15 дзён арышту па невядомай прычыне);
  • пробашч касьцёла сьвятога Казіміра ў Стоўбцах Ігар Лашук (штраф 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»);
  • пробашч парафіі сьвятога Яна Паўла ІІ у Смаргоні Яўген Учкуроніс (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Вячаслаў Барок: «Калі ёсьць дух свабоды, тады няма страху і смутку»

Праваслаўныя сьвятары:

  • клірык Богаяўленскай царквы ў Менску Ўладзіслаў Багамольнікаў (110 дзён у няволі, вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе),
  • клірык храма сьвяшчэннамучаніка Ўладзімера Хіраско ў Менску Міхаіл Маруга (13 дзён арышту пасьля затрыманьня ў дзень антываеннай акцыі).
  • настаяцель прыхода храма сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага Андрэй Ноздрын (зь ім правялі «прафіляктычную гутарку аб недапушчэньні экстрэмісцкіх дзеяньняў», а пазьней звольнілі з усіх пасадаў у епархіі),
  • клірык прыхода храма Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы ў Прыбытках Гомельскай вобласьці Пётр Пракапцоў (пасьля паездкі ў Літву яго дапытвалі ў КДБ);
  • настаяцель храма св. Арханёла Міхаіла ў Сьцяпанках Берасьцейскай вобласьці Сяргей Рэзановіч (асуджаны па «справе Аўтуховіча» на 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму).
  • праваслаўны сьвятар, імя якога зь меркаваньняў бясьпекі не раскрываецца (сёлета падчас праваслаўных сьвятаў у ягоную кватэру ўварваліся сілавікі і затрымалі жонку (пазьней ёй было выстаўленае абвінавачаньне ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», вынік суду невядомы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 110 дзён за кратамі вызвалілі пад падпіску сьвятара Ўладзіслава Багамольнікава

Пратэстанцкія пастары:

  • пастар царквы баптыстаў «Сьвет Надзеі» Віталь Чычмароў (асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі за «актыўныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»),
  • пастар эвангельскай царквы «Новы Запавет» Філіп Іваноў (разам з жонкай затрыманы ў межах крымінальнай справы, потым яго адпусьцілі, а жонку асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі),
  • пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка (аштрафаваны на 3200 рублёў за правядзеньне «несанкцыянаванага сходу» абшчыны);
  • пастар царквы хрысьціян веры Эвангельскай Іаана Прадцечы Антоній Бокун (аштрафаваны на 3200 рублёў за правядзеньне «несанкцыянаванага сходу» абшчыны),
  • пастар царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Жыцьцё» Сергій Паўлоўскі (12 дзён арышту за «дробнае хуліганства»).
  • пастар баптысцкай абшчыны Верамеек (Магілёўская вобласьць) Раман Раждзественскі (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
  • пастар царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Жывая вера» Дзьмітры Падлобка (аштрафавалі на 640 рублёў за несанкцыянаванае мерапрыемства — хрышчэньне без дазволу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 верасьня: Пастара Бокуна аштрафавалі на 3200 рублёў

Грэка-каталіцкія сьвятары:

  • настаяцель парафіі сьвятых братоў Андрэя і Пятра ў Берасьці Ігар Кандрацьеў (ператрус, арышт на 12 дзён па невядомай прычыне),
  • сьвятар прыхода Жыровіцкай іконы Божай Маці Віталь Быстроў (затрыманы 24 лістапада ў рамках адміністрацыйнай справы, вынік суд невядомы),
  • настаяцель магілёўскага прыхода Маці Божай Бялыніцкай Васіль Ягораў (аштрафаваны на 1600 рублёў за налепку «Украіна, прабач» на аўтамабілі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Атака на Каталіцкую царкву. Улады забіраюць у каталікоў Чырвоны касьцёл, закрылі школу ў Хрысьціянскім цэнтры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбылося з Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі за год пратэстаў і рэпрэсій. Адказваюць сьвятары і вернікі