Хроніка перасьледу 24 сьнежня: у Берасьці на пэнсіянэрку завялі крымінальную справу за надпіс маркерам «Не вайне»

Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

У Берасьці супраць 68-гадовай жанчыны завялі крымінальную справу за надпіс «Не вайне»

68-гадовая жанчына нанесла надпісы чырвоным маркерам «Жыве Беларусь» і «Не вайне» на рэклямных банэрах на прыпынку грамадзкага транспарту «Кавалёва» ў Берасьці, на вуліцы Валгаградзкай.

За гэта на яе завялі крымінальную справу за апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці, паведамляе «Наша Ніва», спасылаючыся на міліцэйскі тэлеграм-канал.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 23 сьнежня: мужа Рабковай арыштавалі на 15 дзён; краязнаўца Чыгрын ня выйшаў на волю пасьля «сутак»


Прысуд актывістам беларускіх незалежных прафсаюзаў Фядынічу, Берасьневу і Арэшку вынесуць 27 сьнежня

У Менскім гарадзкім судзе з 25 лістапада разглядаецца крымінальная справа актывістаў беларускіх незалежных прафсаюзаў — палітвязьняў Генадзя Фядыніча, Васіля Берасьнева і Вацлава Арэшкі. Справу разглядае судзьдзя Анастасія Папко.

Прысуд па справе агучаць 27 сьнежня, паведамляе «Вясна». Судовы працэс праходзіць у закрытым рэжыме, але на прысуд можна патрапіць усім ахвочым.

Іх абвінавачваюць у закліках да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт 130 КК), стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзеле ў ім (ч.1 і ч. 3 арт. 361-1 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць Ярашука і іншых лідэраў зьліквідаванага Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў