Спартовае выданьне «Трыбуна» паведамляе, што днямі ў распараджэньні рэдакцыі апынуўся дакумэнт з канкрэтным пералікам прозьвішчаў беларускіх футбалістаў, якім Мінспорту забараняе працаваць у Беларусі.
У яго патрапілі вядомыя футбалісты, якія правялі дзясяткі матчаў за нацыянальную зборную, гулялі ў групавых этапах эўракубкаў, атрымлівалі разнастайныя беларускія трафэі і асабістыя ўзнагароды. Некаторыя зь іх ужо завяршылі кар’еру футбаліста — падобна, што міністэрства хоча, каб іх ня бралі ў клюбы нават у якасьці трэнэраў або адміністрацыйных работнікаў, азначае «Трыбуна», дадаючы: крыніцы выданьня не гарантуюць, што гэта канчатковы варыянт «чорнага сьпісу».
У дакумэнце, які перадалі «Трыбуне», значыцца 49 «непажаданых» прозьвішчаў. Выданьню ўдалося зьвязацца зь некаторымі гульцамі з гэтага сьпісу — і яны пацьвердзілі, што ўжо ведаюць, куды ўнесьлі іх дадзеныя.
Аснова сьпісу — 43 спартоўцы, якія зьняліся ў відэа супраць гвалту. Сярод астатніх ёсьць і дзіўныя выпадкі, адзначае выданьне, у тым ліку у сьпісе апынуліся футбалісты, якія выступалі ў падтрымку Лукашэнкі і пасьля выбараў 2020 году падпісалі праўладны ліст у яго падтрымку.
У ліку непажаданых у беларускім футболе апынуліся:
- Павал Забелін і Раман Сьцяпанаў (абодва — «Шахцёр»),
- Дзьмітры Бясьсьмертны, Максім Бардачоў, Станіслаў Драгун, Даніла Нячаеў, Дзяніс Шчарбіцкі (БАТЭ),
- Аляксандар Сачыўка («Дынама» Менск),
- Аляксандар Джыгера («Менск»),
- Дзьмітры Бага («Гомель»),
- Дзьмітры Дудар, Анатоль Макараў, Андрэй Хачатуран («Тарпэда-БелАЗ»),
- Валеры Жукоўскі, Яўген Ляшко, Раман Пасевіч, Сяргей Курганскі («Нёман»),
- Уладзіслаў Жук («Славія»),
- Ільля Бранавец, Яўген Вялько, Юрый Астравух («Слуцк»),
- Дзьмітры Гомза, Артур Слабашэвіч («Белшына»),
- Арцём Васькоў («Арсэнал» Дзяржынск),
- Юры Кендыш («Рыга», Латвія),
- Арцём Рахманаў («Астана», Казахстан),
- Усевалад Садоўскі («Ардабасы», Казахстан),
- Мікалай Сігневіч («Апалон», Сьмірніс, Грэцыя),
- Ягор Філіпенка («Урал», Расея),
- Павел Чыкіда, Руслан Юдзянкоў («Мактаарал», Казахстан),
- Юры Казлоў («Нафтан»),
- Ягор Сямёнаў («Смаргонь»),
- Павал Шчарбачэня («Шахтар», Петрыкаў),
- Уладзімер Бушма, Павал Кляньё («Макслайн»),
- Дзьмітры Алісейка («Астравец»),
- Кірыл Паўлючак («Крумкачы»),
- Мікіта Мікалаевіч («Дугапольле», Харватыя),
- Дзьмітры Байдук («Зьніч», Польшча),
- Ігар Бабко, Віталь Гайдучык, Аляксандар Гутар, Ігар Стасевіч, Антон Чычкан (цяпер бяз клюбу),
- Дзьмітрый Іваноў, Павал Няхайчык, Павел Рыбак (завяршылі кар’еру).
- Таксама ў сьпіс унесьлі экс-лекара «Тарпеда-БелАЗ» і нацыянальнай зборнай Беларусі Андрэя Ясюкевіча.
Варта адзначыць, што Бясьсьмертны, Бранавец, Нячаеў і Сямёнаў зьяўляюцца падпісантамі праўладнага ліста спартоўцаў.
Нядаўна «Трыбуна» паведамляла пра абнаўленьне «чорных сьпісаў» у беларускім спорце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трыбуна»: Міністэрства спорту разаслала новыя «чорныя сьпісы» спартоўцаў