Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трыбуна»: Міністэрства спорту разаслала новыя «чорныя сьпісы» спартоўцаў


Архіўнае фота. Жнівень 2020-га.
Архіўнае фота. Жнівень 2020-га.

Як паведамляе выданьне «Трыбуна», Міністэрства спорту і турызму рыхтуе новую зачыстку ад «неляяльных» уладам спартоўцаў.

Паводле журналістаў, актыўная барацьба з неляяльнымі спартоўцамі і трэнэрамі ў футболе пачалася год таму. Як «Трыбуне» стала вядома ў сярэдзіне лістапада 2021-га, ініцыятыва па «зачыстцы» зыходзіла ад міністра Сяргея Кавальчука. У «чорны сьпіс» увайшлі каля сотні футбалістаў і трэнэраў, і ён шмат у чым супадаў з пералікам тых, хто зьняўся ў відэа супраць гвалту ў верасьні 2020 года. Сьпіс быў спушчаны ў Беларускую фэдэрацыю футбола, а далей паступіў кіраўнікам клюбаў, якія павінны былі адмаўляцца супрацоўнічаць з «непажаданымі».

Нягледзячы на гэта, некаторыя футбалісты, якія нейкім чынам выказвалі сваю грамадзянскую пазыцыю, у выніку адгулялі сезон-2022 у чэмпіянаце Беларусі. Частка з іх была вымушаны падпісаць праўладныя лісты або зьняцца ў «ідэалягічна вывераных відэа». Але былі выпадкі, калі ніякіх умоваў выконваць не даводзілася — «непажаданых» гульцоў атрымоўвалася абараніць трэнэрам праз клюбных кіраўнікоў ці самім босам. Аргумэнтамі станавіліся ключавая роля гульца ў плянах па дасягненьні выніку або статус клюбнай легенды.

Аднак цяпер, паводле крыніцаў «Трыбуны», улады вырашылі ўзяцца за «зачыстку» футбола жорстка. Кіраўнікам клюбаў давялі, што ад «неляяльных» трэба пазбаўляцца бяз спробаў заступніцтва.

Дадаткова «чорныя сьпісы» былі разасланыя ва ўпраўленьні спорту і турызму пры выканкамах. З дадзенымі структурамі клюбы, якія падсілкоўваюцца за кошт дзяржаўнага і мясцовага бюджэту (гэта значыць амаль усе), узгадняюць кантракты. Цяпер чыноўнікі атрымалі інструкцыю і будуць уважліва сачыць, ці не спрабуюць у камандах займець тых, каго забаранілі ў міністэрстве, паведамляе Белсат.

Як сьцьвярджаюць крыніцы «Трыбуны», сьпісы, распаўсюджаныя па выканкамах, уключаюць у сябе «непажаданых» са мноства відаў спорту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG