Як паведамляе рэдакцыя, з моманту аднаўленьня доступу ў Беларусі сайт «Белорусы и рынок» (belmarket.by) пачне абнаўляцца ў звычайным рэжыме.
23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблякавала доступ да сайту газэты ў Беларусі «з прычыны распаўсюджваньня на сайце выданьня гіпэрспасылак на матэрыялы, прызнаныя судом экстрэмісцкімі». Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляўся толькі разьдзел навін.
Раней у гэтым месяцы рэдакцыя выданьня паведаміла, што атрымала ліст зь Міністэрства інфармацыі, у якім гаворыцца аб ануляваньні пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі газэты «Белорусы и рынок». На падставе гэтага загаду рэдакцыя заявіла аб спыненьні выпуску друкаванай вэрсіі газэты.
Пакуль няясна, ці разблякаваньне сайту пацягне за сабою вяртаньне дзяржаўнай рэгістрацыі для выданьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Газэта «Белорусы и рынок» спыняе выхад. Гэта загад міністра інфармацыі