Усяго за першыя 20 дзён сьнежня каранавіруснай інфэкцыяй заразіліся 248 мільёнаў чалавек, то бок амаль 18% насельніцтва краіны. У пратаколе паседжаньня не гаворыцца, колькі чалавек памерла.
Як адзначае Bloomberg, рэзкі ўсплёск новых выпадкаў можа быць зьвязаны з тым, што ўлады Кітаю адмянілі абмежаваньні, уведзеныя ў рамках палітыкі нулявой цярпімасьці да COVID-19. Гэта прывяло да распаўсюду варыянту вірусу «омікрон» сярод насельніцтва зь нізкім узроўнем натуральнага імунітэту. Адзначаецца, што каранавіруснай інфэкцыяй заразіліся больш за палову жыхароў Пэкіну і правінцыі Сычуань.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У першую гадавіну Омікрону лекары выступілі са змрочнымі прагнозамі пра будучыню пандэмііПасьля публікацыі Bloomberg афіцыйная прадстаўніца кітайскага МЗС Мао Нін заявіла, што каранавірусная сытуацыя ў краіне «прадказальная і знаходзіцца пад кантролем».
«Узровень вакцынацыі працягвае расьці, магчымасьці лячэньня бесьперапынна павышаюцца, магутнасьці па вытворчасьці мэдычных тавараў працягваюць пашырацца, а агульны запас поўнасьцю задавальняе попыт», — заявіла дыпляматка.
- Улады Кітаю пачалі зьмякчаць каранавірусныя абмежаваньні на пачатку сьнежня пасьля масавых пратэстаў. Ад 7 сьнежня ў краіне адмянілі абавязковае тэставаньне на COVID-19 для тых, чыя праца не зьвязаная з павышанай рызыкай заражэньня. «Зоны высокай рызыкі» заражэньня каранавірусам сталі ўводзіць не па вуліцах і кварталах, а па будынках, кватэрах, паверхах і хатніх гаспадарках. Таксама жыхарам Кітаю больш не патрэбны сэртыфікат аб вакцынацыі для паездак унутры краіны або для ўваходу ў грамадзкія месцы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ