ЭЗ асудзіў прыняцьце законапраекту, які дазваляе пазбаўляць беларусаў грамадзянства, атрыманага паводле права нараджэньня

Ілюстрацыйнае фота.

У ЭЗ лічаць гэта чарговым фактам праявы «жорсткага перасьледу ўсіх незалежных галасоў» з боку рэжыму ў Менску, паведамляе праект «Позірк».

«Прадстаўнікі дэмакратычных сіл, сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасьці, якія ўцяклі з краіны, ратуючыся ад перасьледу, рызыкуюць застацца без грамадзянства», — сказана ў заяве Эўраслужбы зьнешніх дзеяньняў.

Гэта зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права, бо Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека «абараняе права кожнага на грамадзянства і забараняе адвольнае пазбаўленьне яго».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Апанэнтам Лукашэнкі адмаўляюць у прыналежнасьці да беларускага народу». Экспэрты пра закон аб пазбаўленьні грамадзянства

«Папраўка да закона аб грамадзянстве зьяўляецца яшчэ адным прыкладам росту ўзроўню беззаконьня ў Беларусі», — гаворыцца ў дакумэнце.

  • Савет Рэспублікі 21 сьнежня ўхваліў законапраект «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», паведамляе яго прэс-служба.
  • 14 сьнежня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла яго адразу ў двух чытаньнях.
  • Вызначаецца новая падстава страты грамадзянства — у сувязі з «наяўнасьцю выраку суду, які набыў законную сілу, і пацьвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасьці або прычыненьне ім цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за межамі Беларусі».