— Ці былі першыя выбары прэзыдэнта законнымі?
— Мяне заўсёды бянтэжыла перакананьне, што тыя выбары былі сумленнымі. Хоць тады, у 1994-м, паміж першым і другім турамі фігурант заявіў, што ён робіць «стаўку на КГБ па ўсёй вэртыкалі». Казаць пра «стаўку на КГБ» ты можаш толькі тады, калі КГБ зрабіў стаўку на цябе. Не народ, а КГБ. Што сьведчыць пра злачыннасьць і гэтай стаўкі, і саміх выбараў. Думаю, мы тут трапілі ў палон гэтае перакананасьці, што «народ татальна прагаласаваў за яго», што калі і праўда, дык ня мела насамрэч вызначальнага значэньня.
— Ці павінны ўкраінцы ў адказ бамбіць Расею?
— Павінны. Дакладней, маюць на гэта поўнае права. Масква вядзе вайну на зьнішчэньне Ўкраіны і яе самабытнага народу. Што павінны ўкраінцы адказаць на гэта? Давай, зьнішчай?.. Іншая рэч — украінцы кіруюцца стратэгіяй і тактыкай абарончай вайны — калі і што ў той Расеі бамбіць? Напэўна ж, ня мірнае насельніцтва, бо яны ж ня барбары і не рабы. Як украінскімі бомбамі не справакаваць агрэсара на ўжываньне ядзернай зброі? Як ня выклікаць пашырэньне агрэсіі на ўсю Эўропу і ўвесь сьвет? Як рацыянальна траціць уласныя сілы і сродкі? Ясна, што ў Кіеве думаюць пра гэта.
— Як гаварыць са сваякамі ва Ўкраіне?
— Трэба быць зь імі на адной хвалі. Калі не атрымліваецца, пагаварыце перш з самім сабой. Што я ведаю пра гэтую вайну? Хто на каго напаў? Пад чыімі ракетамі загінула амаль паўтысячы ўкраінскіх дзяцей? Ці веру я, што Літва, Польшча, Нямеччына, Штаты хочуць напасьці на нас? Навошта ім гэта?
Інтэрпрэтацыі расейскага тэлебачаньня — усяго толькі інтэрпрэтацыі, а зусім ня факты. І хто, як ня вашы сваякі ва Ўкраіне, якія ўсё бачаць і чуюць на свае вочы і вушы — самая надзейная крыніца інфармацыі? Распытайцеся ў іх пра гэта падрабязна. І пра тое, чым вы можаце ім дапамагчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра найбліжэйшы беларусам народ, тарашкевіцу/наркамаўку і кветкі на магілу Макея— Ці ня рэжуць вуха новыя фэмінітывы — прэзыдэнтка?
— Жывая мова — гэта творчасьць. І ўсё залежыць ад таго, ці прыме новы твор публіка. А адбываецца гэта ў розных мовах па-рознаму. Напрыклад, выбітныя расейскія «поэтессы» моцна не любілі гэтае слова і казалі пра сябе: «Я женщина поэт!» А ў нас адразу прыжылася паэтка. Лёгка, звонка, прыгожа. Мне, напрыклад, на хвалі новай фэмінітывізацыі напісаўся такі сказ: «Незалюбіла амоніха тую амонаўку». То бок, жонка амонаўца незалюбіла ягоную каляжанку... Спрабуйце, жывучае прыжывецца. А тое, што жанчыну больш адпаведна называць жаночым словам — дык відавочна.
— Чаму Саакашвілі вярнуўся ў Грузію? На што ён разьлічваў?
— Як пісьменьнік-ідэаліст верыць, што сваімі кнігамі ён можа зьмяніць сьвет, так і палітык-ідэаліст верыць у ідэальны сьвет. Гэтую веру пісьменьніка мацуе наяўнасьць чытачоў, а палітыка — наяўнасьць электарату. Усе яны разам вераць у справядлівасьць. На іх і трымаецца сьвет. Але ёсьць яшчэ палітык-прагматык, які на ідэалістаў глядзіць, як на дзівакоў ці дурняў. Бо ніякай справядлівасьці няма. Ня толькі няма, але і не павінна быць, — мяркуе палітык-псыхапат, які фізычна зьнішчае ідэалістаў. Саакашвілі — ідэаліст з досьведам пасьпяховых рэформаў у сваёй краіне. Ён разьлічваў на справядлівасьць і свой электарат.
— Ці «наша» Вільня?
— Калісьці ў 1990-я я меў у Вільні сябра. Звалі яго Вайдотас Даўніс. Ён быў паэтам і рэдактарам часопіса «Krantai», а я быў рэдактарам газэты «Наша Ніва». І мы вялі доўгія размовы пра ўсё на сьвеце. На жаль, у 1995 годзе ён загінуў. Зачапіўся за кошык паветранага шара, які ўжо ўзьлятаў, сябры схапілі яго за куртку, каб падцягнуць, ён адпусьціў рукі і высьлізнуў... Аднойчы Вайдас вельмі сур’ёзна сказаў мне: калі ты будзеш казаць, што Вільня ваша, я буду казаць, што Менск наш. Для мяне гэтыя яго словы прагучалі натхняльна. Літоўцам і беларусам няма чаго дзяліць. Усё наша.
— Ці страшна жыць пасьля 60-ці?
— Страшна, напэўна, у 18. Акурат бітлам было па 18, яны нават песеньку напісалі «Калі мне будзе 64». І страх там такі, што ці буду я камусьці патрэбны ў 64? Пра гэта сапраўды трэба думаць, пачынаючы з 18-ці. І аж да 60-ці часам гэтай думкай задавацца. Хоць я заўважыў, што ня надта пра гэта думаецца, чым далей, тым менш. 60 — нагода даць ацэнку сабе. Бо ты ўжо як бы завершаны прадукт. Яшчэ шмат можна зьмяніць, дадаць, прыбраць. А можна ўвогуле пачаць новае жыцьцё. Прыкладаў хапае. Зь іншага боку, многія волаты літаратуры ці палітыкі ўправіліся значна раней.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.