На сьвяточных ранішніках у школах і дзіцячых садочках забаранілі «прапагандаваць заходнія каштоўнасьці». Аддзел адукацыі Жлобінскага райвыканкаму спасылаецца на даручэньне ад Савету міністраў. Вось вам зразумела без удакладненьняў, пра што можа ісьці гаворка?
Варыянтаў адказу можа быць безьліч, бо ніколі ня ведаеш, як спрацуе фантазія чынавенства гэтым разам. Што яны забароняць — хлопчыкам набліжацца адзін да аднаго бліжэй як на мэтар? Дзяўчатам адзявацца ў сіняе? Мець выхавацелькам ці настаўніцам фарбаваныя валасы? Маляваць вясёлку? Трымацца за рукі хлопчыкам і дзяўчаткам?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дзіцячых садах і школах Беларусі забаранілі сьвяткаваць Гэлаўін і апранаць касьцюмы замежных герояўГэтым разам забаранілі выкарыстоўваць «замежных пэрсанажаў тыпу цацак хагі-вагі і іншых элемэнтаў, якія супярэчаць традыцыям беларускага народу».
Я нават ня буду абараняць няшчасных хагі-вагі і чалавека-павука і тлумачыць, чаму ў іх няма нічога кепскага і чаму ідэя прымусіць дзяцей разьлюбіць сучасныя мульцікі і палюбіць савецкія ня мае аніводнага шанцу выжыць. Гэта ўсё і так відавочна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сатанізм хутчэй у дзеяньнях сілавікоў, а ня ў Хагі-Вагі». Чаму дзяржаўны кантроль стаў змагацца зь дзіцячай цацкайУ дзяржаўным новаўвядзеньні цікава іншае: яно чарговым разам паказвае, што за тэрмінамі «традыцыйныя каштоўнасьці» і «заходнія каштоўнасьці» не стаіць нічога.
Гэта, па сутнасьці, пустыя тэрміны, якія напаўняюць сэнсамі эпізадычна і ў залежнасьці ад таго, чаго патрабуе новы ідэалягічны парадак. Цяпер, у час, калі ўлады Беларусі імкнуцца максымальна ізаляваць беларускае грамадзтва ад глябальнага сьвету, простая ідэя, што нешта з гэтага самага сьвету можа быць цікавым і прывабным, ужо лічыцца прапагандай заходніх каштоўнасьцяў. Якіх менавіта? Баюся, нават самы ляяльны ідэоляг сучаснага лукашызму не адкажа вам на гэтае пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Youtube выдаліў і вярнуў апошнюю сэрыю «Масяні» пра Санкт-МарыюбургКалі папрасіць ідэалягічных франтавікоў патлумачыць, чаму кот Леапольд — гэта добры прыклад для дзяцей, а чалавек-павук — кепскі, я дужа сумняюся, што яны змогуць адказаць зьмястоўна. Мы проста пачуем набор пустых канструкцый тыпу «кот Леапольд адлюстроўвае і ўвасабляе найбольш характэрныя для савецкага і постсавецкага грамадзяніна рысы і зьяўляецца пазытыўным прыкладам для дзяцей і моладзі ў частцы эмацыйных, каштоўнасных і паводзінавых характарыстык».
Ну ня ведаюць, ня ведаюць яны, як прыгожа патлумачыць, што яны ня хочуць, каб дзеці разьвівалі фантазію і ведалі пра разнастайнасьць сьвету. Бо калі сьвет разнастайны, значыць, ёсьць розныя варыянты таго, якой можа быць будучыня і да чаго варта імкнуцца. А гэта абсалютна, катэгарычна недапушчальная думка для юнай ідэалягічнай адзінкі. Таму ўсё «іншае» трэба забараніць, а саму яго дэманстрацыю абвясьціць прапагандай заходніх каштоўнасьцяў.
Іншая рэч — каштоўнасьці беларускія і традыцыйныя! Іх акурат трэба прапагандаваць. Праўда, што яны значаць, таксама няясна, але трэба верыць, што раённы ідэалягічны аддзел ва ўсім разьбярэцца і давядзе з дапамогай указаў і загадаў, што, каго, як і за што трэба любіць. І дзеці імгненна палюбяць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.