Так званы Лачынскі калідор застаецца заблякаваны зь мінулага тыдня. Акцыю пратэсту на дарозе праводзіць група азэрбайджанскіх актывістаў, якія пратэстуюць супраць незаконнай, на іх думку, здабычы армянскімі ўладамі самаабвешчанай рэспублікі прыродных рэсурсаў. Расейскія вайскоўцы сочаць за сытуацыяй, аднак ня робяць ніякіх сілавых крокаў.
Як заявіў у чацьвер Пашыньян на пасяджэньні ўраду Армэніі, цяперашняя сытуацыя прывяла да гуманітарнага крызісу ў Нагорным Карабаху.
Назваўшы дзеяньні Азэрбайджану ў Лачынскім калідоры незаконнымі, прэм’ер-міністар Армэніі скрытыкаваў і Расею, падкрэсьліўшы, што Масква фактычна таксама не выконвае свае абавязаньні, — паведамляе Радыё Азатуцюн (Армянская служба Радыё Свабода).
Паводле Пашыньяна, трохбаковая заява ад 9 лістапада 2020 году прадугледжвае, што Лачынскі калідор павінен быць пад кантролем расейскіх міратворцаў. «Гэты пункт сёньня фактычна не працуе. Дэ-факта атрымліваецца, што расейскі міратворчы кантынгент не выконвае ўзятае на сябе ў рамках трохбаковай заявы абавязаньне трымаць Лачынскі калідор пад кантролем», — заявіў Пашыньян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване раскрытыкавалі заявы Лукашэнкі пра канфлікт у Карабаху. У Менску параілі армянам «чытаць і перачытваць» ЛукашэнкуРасейскай рэакцыі на гэтую заяву пакуль няма. Улады Азэрбайджану заяўляюць, што блякады калідору няма і што актывісты гатовыя прапускаць машыны з гуманітарнымі грузамі.
Раней на саміце АДКБ у Ерэване Пашыньян адмовіўся падпісваць сумесную заяву, сказаўшы, што краіны-саюзьнікі Армэніі, у тым ліку Расея, павінны аказваць большую падтрымку Ерэвану ў яго супрацьстаяньні з Азэрбайджанам.
Увосень 2020 году азэрбайджанскія войскі ў ходзе баявых дзеяньняў вярнулі пад свой кантроль значныя тэрыторыі ў Нагорным Карабаху і па яго пэрымэтры, якія з 1990-х былі пад кантролем этнічных армянаў. Па дамове аб перамірʼі, дасягнутай пры пасярэдніцтве Масквы, у рэгіёне былі разьмешчаны расейскія міратворчыя сілы.