Зьявіліся новыя дэталі пра першага беларуса, асуджанага за жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны

Сяргей Вайцюк у калёніі. Скрыншот зь відэасюжэту АНТ

Паводле зьвестак «Вясны», ужо восем беларусаў асудзілі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу за жаданьне дапамагаць Украіне ў барацьбе з агрэсіяй расейскіх войскаў.

Дзяржаўны тэлеканал АНТ апублікаваў рэпартаж пра затрыманых беларусаў, якія хацелі далучыцца да добраахвотнікаў ва Ўкраіне пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня. Галоўным героем сюжэта стаў 37-гадовы айцішнік зь Берасьця Сяргей Вайцюк. Ён першы беларус, якога асудзілі за жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны. Сяргею прызначылі 2,5 года калёніі і адправілі адбываць тэрмін у івацэвіцкую калёнію «Воўчыя норы». Ён, як і іншыя палітычныя зьняволеныя, пазначаны жоўтай біркай «экстрэміста». На волю Сяргей мае выйсьці 11 красавіка 2025 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі супраціву — «Людзі Cвабоды – 2022»

Сяргея Вайцюка затрымалі 14 красавіка 2022 года ў вёсцы каля беларуска-ўкраінскай мяжы — ён хацеў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны. На судзе ён расказваў, што зрабіў гэта пасьля сваркі з жонкай. Сьпярша Сяргей даехаў да вёскі Лукава Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Там ён спрабаваў знайсьці сабе правадніка, які б нелегальна правёў яго празь мяжу, але не знайшоў. Тады Сяргей паехаў у Дзяржпункт пропуску «Макраны». З рэчаў у яго з сабой былі пасьведчаньне кіроўцы, цыгарэты, тэлефон і піва. Беларускія памежнікі «разьвярнулі» яго і папрасілі вяртацца дадому, піша «Вясна».

Сяргей Вайцюк у калёніі. Скрыншот зь відэасюжэту АНТ

Вайцюк на таксі ад’ехаў ад пераходу «Макраны». Аднак, калі праехаў каля кілямэтра, папрасіў кіроўцу спыніцца. Пешшу праз поле і канавы ён дайшоў да найбліжэйшай вёскі. Зайшоў у адзін дом, а пажылы гаспадар выклікаў міліцыю. Так Сяргея затрымалі. Спачатку яму прысудзілі 10 сутак за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП, а таксама «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП.

24 красавіка яго зьмясьцілі пад варту праз падазрэньне ў «найміцтве» паводле артыкулу 133 Крымінальнага кодэксу. Пазьней абвінавачваньне перакваліфікавалі на крыху больш мяккае: замах на ўдзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай дзяржавы (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае слова 2022 году — вайна

28 ліпеня Сяргею прызначылі ў Берасьцейскім абласным судзе 2,5 года калёніі агульнага рэжыму. Гэта першы чалавек у Беларусі, якога асудзілі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Ўкраіне пасьля 24 лютага 2022 году. Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны» ўжо восем беларусаў былі асуджаныя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу за жаданьне дапамагаць Украіне ў барацьбе з агрэсіяй расейскіх войскаў. Усе яны прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Генэральная пракуратура гаворыць пра сем асуджаных чалавек, якім прызначылі ад двух да чатырох гадоў зьняволеньня ў турме.

Жоўтая бірка Сяргея Вайцюка. Скрыншот зь відэасюжэта АНТ

У сюжэце АНТ Сяргей Вайцюк расказваў, што батальён імя Кастуся Каліўноўскага — адзінае абʼяднаньне беларускіх добраахвотнікаў, пра якое ён ведаў на той момант. Рашэньне далучыцца прыняў літаральна за адзін дзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ад стомы былі галюцынацыі». Беларус расказаў, як уцёк ад «хіміі» і чатыры дні ішоў ва Ўкраіну праз балоты і міны