Міністэрства юстыцыі вызначыла патрабаваньні да прафэсійнай этыкі юрыстаў

Ілюстрацыйнае фота

Пастановай Міністэрства юстыцыі ад 16 сьнежня № 152 зацьверджаны Правілы прафэсійнай этыкі асоб, якія аказваюць юрыдычныя паслугі, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Вызначаецца абавязак юрыста выконваць заканадаўства; прытрымлівацца агульнапрынятых нормаў прафэсійнай маралі, «увесь час падтрымліваючы гонар і годнасьць сваёй прафэсіі, а таксама асабістыя гонар і годнасьць»; праяўляць павагу да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, у тым ліку тых, якія ажыцьцяўляюць кантроль за дзейнасьцю па аказаньні юрыдычных паслуг, «быць пунктуальным, карэктным, адказным»; не зьдзяйсьняць дзеяньні, якія дыскрэдытуюць прафэсію юрыста; пастаянна пашыраць і паглыбляць свае веды ў галіне права; пры выкананьні прафэсійных абавязкаў прытрымлівацца дзелавой манэры ў зносінах і дзелавога стылю адзеньня.

«Юрыст павінен умацоўваць павагу да прафэсіі, яе сутнасьці і грамадзкага прызначэньня, садзейнічаць захаваньню і павышэньню яе прэстыжу», — гаворыцца ў пастанове.

Прававы акт прынялі ў разьвіцьцё закону ад 14 кастрычніка № 213-З «Аб ліцэнзаваньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт перадаў справу на Ціханоўскую, Латушку і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады ў пракуратуру

З 2020 году ў выніку рэпрэсій у Беларусі пазбавіліся ліцэнзій дзясяткі адвакатаў. Напрыклад, за два гады ліцэнзіі пазбавілі ўсіх адвакатаў Віктара Бабарыкі — Аляксандра і Яўгена Пыльчанкаў, Дзьмітрыя Лаеўскага, Натальлю Мацкевіч, а таксама адвакатку Марыі Калесьнікавай Людмілу Казак.

Агулам па стане на лістапад 2022 году 70 адвакатаў пазбавілі ліцэнзій, яшчэ каля 250 адвакатаў самі прынялі рашэньне пакінуць адвакатуру.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перасьлед адвакатуры ў Беларусі: шасьцёра адвакатаў — палітвязьні, 70 пазбавілі ліцэнзій