Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Atlantic Council (Атлянтычная рада) у аўторак правёў дыскусію «Як Украіна можа перадухіліць зімовы тупік?». Яе ўдзельнікі абмяркоўвалі, ад якіх фактараў найбольш залежыць далейшая хада вайны ва Ўкраіне.
У дыскусіі ўзялі ўдзел Бэн Годжэс, былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе, Мэлінда Гэрынг, намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі ў Атлянтычнай радзе, Андрэй Загараднюк, былы міністар абароны Ўкраіны, і Івана Клымпуш-Цынцадзэ, старшыня камісіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях інтэграцыі з Эўразьвязам. Прапануем вашай увазе асноўныя думкі ўдзельнікаў.
Бэн Годжэс, былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе, дарадца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights First:
- Украінцы працягваюць наносіць вялізныя страты расейскім войскам, якія спрабуюць наступаць на Бахмут. Бахмут ня мае відавочнага ваеннага значэньня. Выглядае, што для расейцаў — асабліва для [кіраўніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр»] Прыгожына — гэта стала асабістым выклікам. Ён хоча паказаць, што ягоныя сілы самыя эфэктыўныя. На жаль, у выніку загінуць тысячы людзей.
- Я сур’ёзна ўспрымаю засьцярогі камандуючага ўкраінскімі войскамі генэрала Залужнага і міністра абароны Ўкраіны Рэзьнікава, што расейцы разьлічваюць пачаць новы наступ з поўначы, магчыма зь Беларусі.
- Мэтай такой апэрацыі можа быць наступ на Кіеў ці, прынамсі, спроба расьцягнуць сілы ўкраінцаў і прымусіць іх перакінуць рэсурсы з галоўнага кірунку, якім, на маю думку, ёсьць Мелітопаль і Крым.
- Я крыху скептычна стаўлюся да здольнасьці расейцаў сканцэнтраваць вялікія сілы, неабходныя для такой апэрацыі, і забясьпечыць іх усім патрэбным, але гэта сур’ёзная пагроза. Верагодна, такі наступ можа адбыцца ўвесну, калі ўкраінцы ня здолеюць дасягнуць істотных посьпехаў на поўдні і прымусіць расейцаў сканцэнтраваць усе сілы там.
- Я пакуль ня ведаю, у якой ступені Беларусь гатовая ў гэтым удзельнічаць... Украіна мае добрую выведную інфармацыю, а Злучаныя Штаты, Брытанія і іншыя саюзьнікі могуць даць дадатковыя зьвесткі, каб атрымаць ясную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы будзем мець добрае разуменьне таго, якія сілы там назапашваюцца, якая лягістыка вайсковых паставак.
- Я цалкам падзяляю ідэю правесьці пазачарговыя вайсковыя вучэньні NATO ў Літве і Польшчы, каб даць Лукашэнку адгаворку перад расейцамі не далучаць беларускія войскі да ваенных дзеяньняў супраць Украіны. Ён зможа сказаць, што на заходнім флянгу ідуць вучэньні NATO і трэба на гэта рэагаваць.
- Калі б украінцы цяпер мелі тактычныя ракетныя сыстэмы большай дальнасьці, яны б маглі наносіць удары па любых расейскіх штабах, транспартных вузлах і складах боепрыпасаў у Крыме. Гэта б зрабіла Крым неабараняльным для расейскіх сілаў.
- Украінскі Генэральны штаб зрабіў выдатную працу, мэтадычна зьнішчаючы лягістычныя сеткі, транспартныя вузлы і камандныя пункты расейцаў. Калі б можна было наносіць такія ўдары на большую адлегласьць, гэта зьменшыла б здольнасьць расейцаў абстрэльваць ракетамі ўкраінскія гарады.
- Пастаўка зэнітна-ракетнага комплексу Patriot будзе вялікім крокам наперад. Але зь яго дапамогай, калі інтэграваць яго ў шырэйшую сыстэму супрацьпаветранай абароны, можна абараніць толькі адзін горад.
- Важна, каб адміністрацыя ЗША адкрыта заявіла: «Мы хочам, каб Украіна перамагла». За 10 месяцаў вайны яны гэтага не зрабілі.
- Наша найбольшая праблема ў тым, што зашмат людзей у адміністрацыі, у тым ліку ў Міністэрстве абароны, — добрых людзей, якія жадаюць посьпеху Ўкраіне, — не перакананыя, што Ўкраіна здолее вымусіць расейцаў пакінуць Крым. Гэтыя людзі баяцца, што адбудзецца эскаляцыя і Расея скарыстае ядзерную зброю.
- У Крым вядуць толькі два шляхі — Керчанскі мост і наземны пярэсмык, які ўжо пад атакай. Украінцы могуць ударыць па абодвух гэтых шляхах і зь цягам часу зрабіць Крым неабараняльным для расейцаў.
- Калі мы не дапаможам Украіне вярнуць кантроль над Крымам, дык праз 4-5 гадоў гарантавана пачнецца наступная фаза гэтага канфлікту.
- Я прагназую, што Ўкраіна верне сабе Крым да канца наступнага лета.
Мэлінда Гэрынг, намесьніца дырэктара Цэнтру Эўразіі ў Атлянтычнай радзе:
- Падтрымка Ўкраіны ў ЗША непахісная, асабліва ў Кангрэсе. Выказваліся засьцярогі, што рэспубліканцы захочуць зьмякчыць пазыцыю адносна Расеі. Гэтага ня будзе — рэспубліканцы будуць падтрымліваць пастаўкі зброі Ўкраіне.
- Але я маю занепакоенасьць, якой будзе налета бюджэтная падтрымка — грошы, якія ЗША даюць, каб падтрымаць украінскую дзяржаву: на падтрымку школ, пэнсійнай сыстэмы, шпіталяў. Мне здаецца, што адміністрацыя Байдэна добра не патлумачыла сутнасьць такой бюджэтнай падтрымкі, і будзе ціск, каб яе зьменшыць.
- На Захадзе многія ня вераць, што Ўкраіна можа вярнуць сабе Крым без таго, каб распачалася ядзерная вайна. Мы баімся Расеі. Мне здаецца, што прэзыдэнт і ягоны дарадца з нацыянальнай бясьпекі пераканалі сябе, што Расея нашмат больш небясьпечная, чым яна ёсьць насамрэч.
- Прадстаўнікі ЗША заяўлялі, што сама Ўкраіна будзе вызначаць, што ёсьць перамогай у цяперашняй вайне. Мы ведаем, што ў Парыжы і Бэрліне дакладна не падзяляюць такую думку, але і ў адміністрацыі ЗША гэта хутчэй на ўзроўні рыторыкі.
Андрэй Загараднюк, былы міністар абароны Ўкраіны:
- Расейцы абавязкова паспрабуюць арганізаваць новы наступ з удзелам мабілізаваных, пасьля таго як тыя атрымаюць падрыхтоўку праз пару месяцаў.
- Усе ўчасткі мяжы з Расеяй і зь Беларусьсю знаходзяцца пад рызыкай. Мы мусім увесь час падтрымліваць прысутнасьць войскаў каля мяжы. Мы адсочваем перамяшчэньні расейскіх войскаў, і мы ўпэўненыя, што не прапусьцім патэнцыйны наступ.
- Калі расейскі камандуючы Суравікін выводзіў войскі з Херсону, ён відавочна абяцаў Пуціну нейкі посьпех наўзамен. І найбольш верагодна, што гэты посьпех меўся быць на Данбасе. Сытуацыя на Данбасе цяпер вельмі цяжкая, але расейцам не ўдаецца дасягнуць сваіх апэрацыйных мэтаў.
- Калі мы атрымаем у агляднай будучыні ад ЗША зэнітна-ракетны комплекс Patriot, гэта будзе гістарычнай падзеяй. Але ёсьць іншыя віды супрацьпаветраных узбраеньняў, якія адносна недарагія і пашыраныя, і мы пакуль ня можам іх атрымаць. Мы разумеем, што пастаўкі даражэйшай ці наступальнай зброі могуць быць палітычна праблематычнымі, але гэта ня той выпадак. І тут нам хацелася б большай яснасьці.
- Расейцы цяпер захоўваюць шмат што з сваіх стратэгічных запасаў на адлегласьці больш як 100 кілямэтраў ад лініі фронту. Менавіта там асноўныя склады і лягістычныя цэнтры. Калі б мы мелі крытычную масу зброі, здольнай наносіць удары на такую адлегласьць, гэта значна палепшыла б магчымасьці для ўкраінскага контранаступу.
- Калі б мы атрымалі такую зброю, быў бы нейкі пэрыяд, калі б расейцы несьлі вялікія страты. Імаверна, што гэта разбурыла б іх пляны наступу. Праз пару месяцаў яны б адаптаваліся і перанесьлі ўсё яшчэ далей ад лініі фронту, але тады ім было б вельмі цяжка забясьпечваць пастаўкі на лінію фронту, асабліва ўзімку і ўвесну.
- Расейцы надзвычай слаба здольныя весьці апэрацыі адразу на некалькіх кірунках, бо іх працэс прыняцьця рашэньняў па-ранейшаму супэрцэнтралізаваны. Гэта значыць, што калі б мы пачалі контранаступы на двух кірунках, расейцы, верагодна, прайгралі б на абодвух. Але мы ня маем для гэтага дастаткова зброі і боепрыпасаў.
- Адзіная рэч, якая спыняе расейцаў, — гэта іх фізычная няздольнасьць нешта зрабіць. Калі яны здольныя нешта зрабіць, яны гэта зробяць.
- Мы нарошчваем вайсковыя магутнасьці да болю марудна. Хацелася б гэта паскорыць і быць у большай каардынацыі з нашымі партнэрамі.
- Пакуль Расея будзе ўтрымліваць Крым, яна будзе пагражаць усяму рэгіёну.
Івана Клымпуш-Цынцадзэ, старшыня камісіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў пытаньнях інтэграцыі з Эўразьвязам:
- На жаль, расейцы здолелі зьнішчыць каля 50 працэнтаў магутнасьцяў украінскіх энэргасетак. Гэта можа патэнцыйна прывесьці да гуманітарнай катастрофы.
- Патрэбны скаардынаваныя намаганьні, каб аднавіць энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны, але, акрамя гэтага, Украіне трэба больш сродкаў супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны, каб абараніць мірных грамадзян і цывільную інфраструктуру. А для таго, каб вызваліць украінскія тэрыторыі, трэба іншае дадатковае ўзбраеньне.
- На Захадзе ўжо ёсьць згода, што нельга дазволіць Украіне прайграць гэтую вайну. Але няма кансэнсусу, што Ўкраіна павінна перамагчы і якой мае быць такая перамога. Гэта стварае перашкоды на шляху да паставак зброі.
- Расейскія намеры ў гэтай вайне не памяняліся. Расея не гатовая ні да якіх сэнсоўных перамоваў, якія маглі б прывесьці да ўстойлівага міру. Яны б хацелі нейкіх перамоваў ці перамір’яў, каб выдыхнуць, перагрупавацца і зноў напасьці.
- Калі гаворыцца, што мірныя перамовы патрэбныя, каб пазьбегнуць сусьветнай вайны, дык насамрэч маецца на ўвазе, як даць Расеі магчымасьць адпачыць, зрабіць высновы зь цяперашняй вайны, а потым пачаць сусьветную вайну.
- Цяпер мы бачым шмат дзірак у санкцыях супраць Расеі і нават спробы паслабіць эўрапейскія санкцыі супраць некаторых расейскіх кампаній. Палітыка санкцый патрабуе большай шчырасьці і кантролю.