Такую думку ў камэнтары BPN выказаў аўтар каналу «Post Rudzik», экс-суаўтар Nexta Ян Рудзік.
Аб выцеку зьвестак 19 сьнежня паведаміў адзін з тэлеграм-каналаў, зьвязаных зь беларускімі сілавымі ведамствамі. Былі апублікаваныя скрын-шоты ўнутранай перапіскі супрацоўнікаў каналу Nexta. У публікацыі сьцьвярджаецца, што дзяржаўныя органы атрымалі доступ да 30 тысяч уліковых запісаў карыстальнікаў у закрытай перапісцы.
На думку суразмоўуцы, нядаўняя сытуацыя з выцекам зьвестак з каналу «Чорная кніга Беларусі» («ЧКБ») «сапсавала рэпутацыю і ўзровень даверу да дэмакратычных сіл у цэлым». «Больш спрыяльны момант, каб падліць алею ў агонь, выбраць складана, а выкарыстаньне „спадчыны“ Рамана Пратасевіча (суаўтар Nexta), якая магла трапіць у рукі сілавікоў пасьля яго арышту ў Менску 23 траўня 2021 году, павінна максымальна адахвоціць людзей» інфармаваць незалежныя тэлеграм-каналы пра тое, што адбываецца ў Беларусі«, — лічыць Рудзік.
На яго думку, зь Nexta «выцек быў, пытаньне толькі ў яго размаху».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бадай, усім нам пішуць сілавікі, але абдурылі яны толькі Тацяну». Гутарка з адной з адміністратарак чатаў «97%»Экс-суаўтар каналу лічыць, што «лепш не рызыкаваць і выехаць з краіны тым людзям, якія дасылалі ў Nexta важныя дакумэнты ў пэрыяд прысутнасьці ў праекце Пратасевіча».
«Раман быў у мностве чатаў, ня толькі ў Nexta, але і ў «Беларусі галаўнога мозгу», меў зносіны з дваровымі актывістамі, прадстаўнікамі офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Шкілетаў у шафе можа адшукацца маса. Да таго ж няма ніякіх гарантый, што маштаб кейса Артура Гайко цалкам ацэнены і ён быў адзіным «засланым», — сказаў Рудзік.
«Высьветліць, наколькі ўкід аб новым сьпісе ад Nexta праўдзівы, немагчыма, — дадаў ён. — Мы ня ведаем, каго, калі і за што ўжо затрымалі. Цяпер можна толькі расказаць аб праблеме з надзеяй, што людзі з зоны рызыкі ўбачаць папярэджаньне».
Каб максымальна выключыць паўтарэньне такіх сытуацый, трэба «цалкам зьмяніць сыстэму вэрыфікацыі новых людзей і зрабіць яе адзінай і сыстэмнай для ўсіх дэмакратычных сіл», лічыць Рудзік.
Цяпер у Беларусі адбываюцца затрыманьні людзей, якія перадавалі інфармацыю аб пэрсанальных зьвестках сілавікоў і іншых зьвязаных зь дзяржаўнымі структурамі людзей. Многія зь іх праходзяць у справе «ЧКБ». Сьледчы камітэт паведамляў, што гэта супрацоўнікі ўсіх мабільных апэратараў, у тым ліку службовыя асобы: банкіры, спэцыялісты кадастравых службаў, адвакаты, былыя супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Праект займаўся зборам і распаўсюджваньнем асабістай інфармацыі аб сілавіках, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях.
14 лістапада ад імя былых удзельнікаў праекту і кампаніі Infopoint Media Network (з чэрвеня 2021 году аб’ядноўвае шэраг мэдыя-рэсурсаў, у тым ліку «ЧКБ») распаўсюджаная заява з заклікам да інфарматараў праекта пакінуць краіну.
Прычынай закліку стала інфармацыя аб тым, што ў камандзе «ЧКБ» доўгі час працаваў укаранёны супрацоўнік ГУБАЗіК МУС Артур Гайко. Ён трапіў у праект увосень 2020 году, выдаўшы сябе за працаўніка банкаўскай сфэры і прыхільніка перамен. Празь некаторы час прадстаўнік МУС стаў кіраўніком праекту, атрымаўшы доступ да ўсёй канфідэнцыйнай інфармацыі.
21 сьнежня Сьледчы камітэт паведаміў, што крымінальная справа стваральніка мэдыяпраекту Nexta Сьцяпана Пуцілы і члена яго каманды Яна Рудзіка перададзеная Генэральнаму пракурору для накіраваньня ў суд у рамках спэцвытворчасьці. Пуцілу маюць намер судзіць завочна паводле 11, Рудзіка — паводле 8 артыкулаў КК.