У Вільні насупраць беларускай амбасады адкрылі мурал з выявай Алеся Бяляцкага. ФОТА

Адкрыцьцё муралу Алеся Бяляцкага. Вільня, 21 сьнежня 2022

Мурал зьявіўся ў Вільні на будынку па вуліцы Наваградзкай (Naugarduko), 7.

Ініцыявала праект Міністэрства замежных спраў Літвы, падтрымаў яго праваабарончы цэнтар «Вясна». Рэалізуюць ідэю мастакі зь лябараторыі Kiaurai sienas і калектыву Gyva Grafika.

На адкрыцьці графіці (нэафрэскі) былі намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас, дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, сябры Бяляцкага, праваабаронцы.

Адкрыцьцё муралу, прысьвечанага Алесю Бяляцкаму. Вільня, 21 сьнежня 2022

На адкрыцьці муралу выступіў намесьнік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас:

«У асобе Алеся Бяляцкага бачу ўсіх беларусаў, якія змагаюцца за свабоду, іх беды, пакуты і ахвяры», — заявіў ён.

«Цяпер у Беларусі, крыху больш як 100 кілямэтраў адсюль, за кратамі 1425 палітзьняволеных. Тысячы знаходзяцца ў зьняволеньні зь іншых прычын, такіх як крымінальныя абвінавачваньні, у асноўным сфабрыкаваныя, дзясяткі тысяч былі дапытаныя, у многіх выпадках катаваныя, зьбітыя і тэрарызаваныя, зьбітыя, таму што яны ўдзельнічалі ў барацьбе за дэмакратыю, у барацьбе за свабоду. Яны перажываюць катаваньні, якія мы ня можам забыць.

Мы адпраўляем гэты пасыл беларускаму, менскаму рэжыму, што мы не забыліся. Гэта частка праграмы, палітычнай, дыпляматычнай, а таксама камунікацыйнай, якой мы спрабуем вызваліць і гарантаваць, што яны змогуць весьці сваю палітычную і грамадзянскую дзейнасьць такім чынам, як гэта магчыма ва ўсіх дэмакратычных свабодных грамадзтвах», — адзначыў Мантас Адаменас.

Адкрыцьцё муралу, прысьвечанага Алесю Бяляцкаму. Вільня, 21 сьнежня 2022

Аўтарка муралу Ліна Шлепавічуце-Чарняўскене ў сваёй прамове падзякавала МЗС Літвы за давер у рэалізацыі ідэі.

«Я вельмі ўдзячная Міністэрству замежных спраў за давер. Калі спыталі, ці можам мы дзе-небудзь адлюстраваць Алеся Бяляцкага недалёка ад амбасады, я была вельмі ўсхваляваная і пачала шукаць магчымасьці зрабіць гэта. Мне ўдалося знайсьці калег з Коўна, якія выконвалі тэхнічную працу на вуліцы ў мінусавую тэмпэратуру. Гэта гераічна. Неверагодна, што мы зрабілі гэта. Я лічу, што мастацтва мае вялікі патэнцыял, каб гаварыць пра далікатныя і важныя пытаньні».

Адкрыцьцё муралу Алеся Бяляцкага. Вільня, 21 сьнежня 2022

«Я не магу без хваляваньня тут стаяць, бо ззаду вочы Алеся, які зь нямым дакорам глядзіць на той бок вуліцы, дзе шэрыя сьцены нашага пасольства. Мы часта тут праводзім акцыі, хочам дагрукацца да ўладаў Беларусі. Мы хочам сказаць, што ўсё, што ўлада робіць сёньня, гэта няправільна. Алесь Бяляцкі цаной сваёй свабоды змог застацца ў Беларусі, змог вывесьці з-пад удару практычна ўвесь калектыў „Вясны“, які працягвае сваю дзейнасьць у многіх краінах, але большасьць працуе ў Вільні», — адзначыў на адкрыцьці праваабаронца Сяржук Сыс.

Алесь Бяляцкі сёлета стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Ад ліпеня 2021 году ён у СІЗА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні каля амбасады Беларусі ствараюць мурал з выявай Алеся Бяляцкага. ФОТА

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.