Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра яшчэ аднаго памерлага мігранта на мяжы з Польшчай

Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Цела мужчына знайшлі ўначы 20 сьнежня недалёка ад брамкі ў плоце, збудаваным Польшчай на мяжы.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, характар сьлядоў на сьнезе паказвае на тое, што «труп быў перамешчаны з Польшчы ў Беларусь праз брамку для міграцыі жывёлаў у польскай загародзе».

Пры першым аглядзе ў памерлага мужчыны выяўленыя сінякі на твары і канцавінах. Пры ім знойдзены дакумэнты грамадзяніна Сырыі і пастанова аб дэпартацыі ад 19 сьнежня 2022 году з трохгадовай забаронай на ўезд у Польшчу і іншыя дзяржавы краін Шэнгенскага пагадненьня.

Для высьвятленьня абставін сьмерці «праводзяцца сьледчыя дзеяньні».

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што з пачатку году зафіксавалі шэсьць сьмерцяў на мяжы з Польшчай. Целы мігрантаў знаходзілі ў красавіку, кастрычніку і лістападзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нелегальная міграцыя ў Эўразьвяз за год вырасла на 73%

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся летась вясной. Спачатку шматразовае павелічэньне колькасьці нерэгулярных мігрантаў адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, замежнікі пераарыентаваліся на Польшчу, а затым на Латвію.

Да пачатку вайны ва Ўкраіне міграцыйныя патокі істотна скараціліся, але пасьля зноў вырасьлі.

Так, за мінулыя суткі краіны Эўразьвяза не дазволілі нелегальна трапіць 58 мігрантам з тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палякі зьнялі як беларускія вайскоўцы на мяжы вядуць мігрантаў і хаваюць твары, убачыўшы дрон

Кіраўніцтва дзяржаў Балтыі і Польшчы ўсклала адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ назвалі прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны ЭЗ за мінулыя суткі не дазволілі 72 мігрантам нелегальна трапіць на сваю тэрыторыю зь Беларусі