У дзіцячых садах і школах Беларусі забаранілі сьвяткаваць Гэлаўін і апранаць касьцюмы замежных герояў

Гэлаўін у Кіеве, 2021. Архіўнае фота

Чыноўніца з галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкама паведаміла журналісту выданьня «Флагшток», што існуе сьпіс сьвятаў і дзіцячых герояў, забароненых у беларускіх дзіцячых садках і школах.

«Гэлаўіны ў дзяржаўных установах не праводзяцца, — сказала чыноўніца журналісту, які назваўся бацькам дзіцяці ў адной з гомельскіх школ. — У сувязі з тым, што ўсё ж такі праводзіліся Гэлаўіны, але не як грамадзкае, грандыёзнае мерапрыемства, праводзіць гэтыя „сьвяты“ не дазволена».

Адказнасьць за правядзеньне забароненых сьвятаў і выбар «правільных» дзіцячых касьцюмаў, паводле чыноўніцы, будзе ўскладзена на кіраўнікоў устаноў адукацыі.

Выданьне «Флагшток» правяло сваё расьсьледаваньне ў сувязі зь лістом аддзелу адукацыі Жлобінскага раёну, які быў апублікаваны ў сацсетках і ў якім паведамляецца, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны прыняць «вычарпальныя меры па недапушчэньні прапаганды правядзеньня мерапрыемстваў, якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасьцям беларускага народу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За інтэрвію беларускім і расейскім СМІ ў Латвіі дэпутатам вынесьлі папярэджаньне