Усё пачалося з пандэмічнай ізаляцыі расейскага прэзыдэнта, — піша The New York Times, спасылаючыся на сьведчаньні тых, хто ведаў Пуціна. Падчас карантынных месяцаў прэзыдэнта пачалі адольваць думкі пра тое, што ён пакіне пасьля сябе. Пагаварыць надта не было з кім, за выключэньнем людзей з найбліжэйшага атачэньня. Напрыклад, сябра, алігарха Юрыя Кавальчука. Тыя толькі падагравалі ўпэўненасьць Пуціна ў ягонай геніяльнасьці. І хоць большасьць экспэртаў лічылі вайну чыстым вар’яцтвам, іх думка кіраўніка Крамля не цікавіла.
Разьлік быў на трыюмфальнае пераадоленьне сотняў кілямэтраў украінскай тэрыторыі. Афіцэры бралі з сабой парадную форму. А салдаты — многія зь іх аказаліся тэрміновай службы або дрэнна арганізаванымі сэпаратыстамі з усходу Ўкраіны — «мелі ў распараджэньні экіпіроўку ўзору 1940-х гадоў або раздрукоўкі з інтэрнэту пра тое, як карыстацца снайпэрскай вінтоўкай», — адзначаюць суразмоўцы выданьня.
Далей была непаваротлівасьць архаічнай сыстэмы камандаваньня. Пацьвярджэньня загаду аб удары па разьведаных цэлях чакалі часам да трох сутак. Украінскія падразьдзяленьні пасьпявалі за гэты час перадысьлякавацца. Расейскае Міністэрства абароны рапартавала аб поўным зьнішчэньні ўкраінскай СПА і авіяцыі, хоць Кіеў пасьпеў перабазаваць амаль усе свае ВПС. Нават самі ўкраінскія пілёты ў інтэрвію The New York Times дзівіліся — якім чынам супернік дазволіў ім у першыя дні вайны бесьперашкодна сысьці з-пад удараў?
Па дадзеных крыніц выданьня ў амэрыканскім камандаваньні, больш за палову расейскіх крылатых ракет ня трапілі ў намечаныя цэлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы камандуючы войскамі ЗША ў Эўропе: Варта правесьці вучэньні NATO ў Літве і Польшчы, каб даць Лукашэнку адгаворку перад расейцаміБаявыя дзеяньні паступова ператварыліся ў суперніцтва фэадальных груповак, — піша The New York Times, — мінабаронаўскай, вагнэраўска-прыгожынскай, кадыраўскай. Апошнія адзначыліся тым, што выкладвалі відэа ў TikTok, чым моцна палягчалі задачу УСУ, — заявіў начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыл Буданаў.
«Пасьля таго як яны выклалі відэа, — прыводзіць The New York Times словы Буданава, — нам спатрэбілася 40 хвілін, каб вылічыць іх месцазнаходжаньне ў раёне аэрапорта Гастомель на паўночны захад ад Кіева. Пасьля гэтага УСУ нанесьлі па іх удар трыма балістычнымі ракетамі „Точка-У“».
«Мы заўсёды ведалі, што Ўкраіна ваюе нядрэнна і што ў Расеі недастаткова сіл, каб адразу захапіць Кіеў, — заявіў у інтэрвію расейскай службе „Голасу Амэрыкі“ Джон Гэрбст, былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне. — Генэрал Бэн Годжэс яшчэ ў сьнежні 2021-га патлумачыў мне, што нават калі б усе расейскія войскі на мяжы з Украінай спрабавалі ўзяць Кіеў, яны б не змаглі гэтага зрабіць на працягу некалькіх месяцаў. У расейскім камандаваньні проста пагарджалі ўкраінскімі вайсковымі сіламі і думалі, што варта толькі паглыбіцца ў тэрыторыю Ўкраіны, перамога будзе забясьпечана. Але выйшла, вядома, зусім ня так».
Устойлівасьць украінскіх вайскоўцаў была адкрыцьцём і для самога Пуціна, — піша The New York Times.
«Падчас сакавіцкай сустрэчы з прэмʼер-міністрам Ізраілю Нафталі Бэнэтам Пуцін прызнаў, што ўкраінцы аказаліся больш устойлівымі, чым яму казалі, — адзначылі ў гутарцы з журналістамі The New York Times два суразмоўцы, знаёмыя з дэталямі дыялёгу. Па іх словах, Пуцін сказаў тады: «Магчыма, гэта будзе нашмат складаней, чым мы думалі. Але вайна ідзе на іх тэрыторыі, не на нашай. Мы вялікая краіна, і ў нас ёсьць цярпеньне».
The New York Times таксама нагадвае падрабязнасьці візыту дырэктара ЦРУ Ўільяма Бэрнза ў Маскву ў лістападзе 2021 году — за тры месяцы да пачатку поўнамаштабнай вайны. Бэрнс тады папярэдзіў пра вельмі жорсткі адказ ЗША ў выпадку пачатку ўварваньня. Але сакратар Рады бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў, паводле зьвестак The New York Times, заявіў: «Мы можам зрабіць гэта. Мы вярнуліся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы разрабавалі тысячы экспанатаў з музэяў Херсону, — праваабаронцыПраз год баец 155-й брыгады марской пяхоты ВС РФ Міхаіл у інтэрвію The New York Times узгадвае: ім абяцалі, што ваяваць не давядзецца. Але вынік, па словах марпеха, быў іншы: «У канцы кастрычніка пад Паўлаўкай на ўсходзе Ўкраіны з 60 байцоў ягонага ўзводу загінулі каля 40. Толькі 8 чалавек пазьбеглі сурʼёзных раненьняў».
Але нават цяпер Пуцін не гатовы прызнаць правал апэрацыі, а страты, — адзначаюць крыніцы The New York Times, — не зьбянтэжылі расейскага прэзыдэнта.
Ён, па словах суразмоўцаў выданьня, гатовы і на большыя ахвяры: «Прадстаўнік адной з краін NATO папярэджвае саюзьнікаў, што Пуцін гатовы страціць забітымі і параненымі да 300 000 расейскіх вайскоўцаў — прыкладна ў тры разы больш, чым страты ацэньваюцца цяпер».