Роўна 10 гадоў таму Радыё Свабода выдала кнігу «Слоўнік Свабоды». Розныя аўтары на розныя лады апісвалі «слова на дзень для памяці і для роздуму». Падзагаловак кнігі гучыць так: «ХХ стагодзьдзе ў беларускай мове». Мне ў тым слоўніку выпала апісаць слова «вайна».
Натуральна, ніхто і блізка ня мог сабе ўявіць, што празь дзесяць гадоў здарыцца расейскі напад на Ўкраіну і пачнецца новая вайна — нічым не адрозная ў сваёй жахлівасьці ад войнаў ХХ стагодзьдзя. Сёлета слова «вайна» назвалі беларускім словам 2022 году. І я ўспомніў свой колішні тэкст, які за гэтыя гады зусім не састарэў. Хіба што ў пераліку эпітэтаў — якімі бываюць войны — я дадаў бы ў ранейшы тэкст: бязглуздая, сатанінская, крамлёўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае слова 2022 году — вайнаВАЙНА
Мабыць, гэта адзінае слова, якое ўражвае больш за сьмерць. Вось адчыняюцца дзьверы, уваходзіць гаспадар хаты, сядае пры стале, за якім сабралася ўся сям’я і, ня гледзячы нікому ў вочы, робіць сутаргавы выдых: вайна. Вось людзі каля радыёкропкі замёрлі і сама кропка нібы замёрла перад тым, як прамовіць гэтае даўкае слова: вайна. Вось задыханая суседка сказала, быццам заікнулася: вайна.
Першая, другая, сусьветная, айчынная, польская, фінская, паўночная, халодная, неаб’яўленая... Удакладненьні не патрабуюцца, калі яна — наша, калі на парозе. Вайна заўсёды гучыць так, нібы штосьці замінае гаварыць. Напрыклад, пігулка валідолу пад языком.
Вайна — як неасэнсаванае лапатаньне пасьля страшнага шоку, калі здаецца, што пачынаеш наноў вучыцца гаварыць, а яно ня надта выходзіць. Вайна — найстрашнейшая, калі яна гатовая стаць рэальнасьцю. Пасьля ўсё ўваходзіць у тую ваенную рэальнасьць і вайна становіцца сынонімам жыцьця. «Ну як вы тут жывяце?» — «Ды вайна ў нас. Вайна».
Час і сьвет падзяляюцца на даваенныя і паваенныя. Да вайны прывыкаюць. На вайне як на вайне. У вайну, вайнуху, вайнушку гуляюць хлопчыкі. Вайной дражняцца дзеці: «Трус, трус, беларус, на вайну сабраўся...» і дарослыя — пра сварку мужыка і жонкі: вайна пасярод гаўна.
Але гэта ўжо пасьля, калі вайна канчаецца. Тыя, хто перажыў яе, на ўсё жыцьцё захоўваюць на першым месцы ў сваёй герархіі жаданьняў: абы не было вайны. Ужо ў іхных дзяцей знаходзяцца рэчы, важнейшыя за вайну. І тады рана ці позна настае часіна, калі гаспадар уваходзіць у хату і неслухмяным языком прамаўляе: вайна.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.