Беларускі пісьменьнік трапіў у доўгі сьпіс кандыдатаў на ўкраінскую прэмію Drahomán Prize-2022 для перакладчыкаў

Уладзіслаў Гарбацкі, архіўнае фота

На ўдзел у конкурсе яго заявіла беларускае выдавецтва ў Лёндане (Вялікая Брытанія) Skaryna Press.

Беларускага пісьменьніка Ўладзіслава Гарбацкага ўключылі ў доўгі сьпіс перакладчыкаў з украінскай мовы на прэмію Drahomán Prize-2022, заснаваную ў 2020 годзе Ўкраінскім інстытутам, Украінскім ПЭН-цэнтрам і Ўкраінскім інстытутам кнігі.

Як паведаміў Украінскі ПЭН-цэнтар, на ўдзел у конкурсе яго заявіла беларускае выдавецтва ў Лёндане (Вялікая Брытанія) Skaryna Press, у якім выйшаў выкананы Ўладзіславам Гарбацкім пераклад на беларускую мову кнігі ўкраінскага гісторыка і аднаго з арганізатараў Акадэміі навук Украіны ў 1918 годзе Агатангела Крымскага «Бейруцкія апавяданьні».

Агатангел Крымскі (1871–1942) меў беларускія карані, але паходзіў з крымскататарскага роду, які прыняў праваслаўе. Ягоны прадзед пражываў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Барысаве, а дзед — у Мсьціславе Магілёўскай вобласьці.

«Мой бацька зь беларускага мяшчанскага роду, маці — полька літоўская, ніводнай кроплі ўкраінскай крыві ня маю, толькі што нарадзіўся і вырас ва Ўкраіне. Хоць родам я не ўкраінец, але цалкам украінізаваўся», — пісаў Агатангел Крымскі пра сваё паходжаньне. Ён аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі і культуры арабскіх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас акупацыі Ізюму расейцы забілі ўкраінскага пісьменьніка, які выдаў анталёгію беларускай паэзіі «Жыве Беларусь»

Уладзіслаў Гарбацкі (сапраўднае імя Ўладзіслаў Іваноў) — беларускі сацыялінгвіст, палітоляг, пісьменьнік і перакладчык.

У доўгім сьпісе прэтэндэнтаў на ўкраінскую прэмію яшчэ 14 перакладчыкаў з Баўгарыі, Бразыліі, Вялікай Брытаніі, Армэніі, Грузіі, Італіі, Канады, Літвы, Паўночнай Македоніі, Польшчы, Румыніі, ЗША, Фінляндыі і Францыі.

Імя ляўрэата абвесьцяць на ўрачыстай цырымоніі. Ляўрэат атрымае статуэтку, грашовую прэмію ў памеры 3 тысячы эўра, а таксама дадатковыя магчымасьці для працы і прэзэнтацыі сваёй творчасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што застаецца? Прыватны позірк на літаратурныя вынікі 2022 году