У ДСНС выказалі шчырае шкадаваньне ў сувязі зь няшчасным выпадкам, які меў месца ў Галоўнай камэндатуры паліцыі Польшчы 14 сьнежня 2022 году і нанёс шкоду здароўю галоўнага камэнданта паліцыі Яраслава Шымчыка.
Ратавальнікі патлумачылі, што сымбалічны падарунак, зьвязаны з супрацівам украінскага народу расейскаму агрэсару, быў зроблены Шымчыку выключна з добрых намераў і глыбокай падзякі.
У ведамстве запэўнілі, што ніякага намеру нанесьці яму шкоду «не было і не магло быць».
«Упэўнены, што пасьля вывучэньня абставін і прычын гэтага няшчаснага выпадку будуць зроблены належныя высновы аб бясьпецы з гэтай сытуацыі», — гаворыцца ў заяве на сайце ДСНС.
У ДСНС таксама выказалі надзею, што інцыдэнт не аслабіць супрацоўніцтва паміж праваахоўнікамі Ўкраіны і Польшчы:
«Высока цэнім пасьлядоўную падтрымку і дапамогу, якую польская паліцыя аказвае Украіне і грамадзянам Украіны, якія знайшлі ў Польшчы часовы прытулак ад расейскага агрэсара».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штаб-кватэры паліцыі Польшчы выбухнуў падарунак, які супрацоўнік прывёз з УкраіныНа мінулым тыдні ў штаб-кватэры польскай паліцыі ў Варшаве ўзарваўся падарунак, які адзін з супрацоўнікаў прывёз з працоўнай паездкі ва Ўкраіну. Пра гэта паведамляала Міністэрства ўнутраных справаў Польшчы.
Як пазьней высьветлілі польскія СМІ, падчас візыту кіраўнік паліцыі генэрал Яраслаў Шымчык атрымаў у падарунак ад паліцыі і ратавальнікаў два тубусы ад гранатамётаў. Адзін зь іх — былы ва ўжываньні супрацьтанкавы гранатамёт, зь якога стралялі па расейскіх танках: яго перарабілі ў гучнагаварыцель.
Украінцы запэўнілі, што ніякай выбухоўкі ў гранатамёце не было, аднак ужо ў Варшаве, калі шэф паліцыі перастаўляў падарунак, той узарваўся.
У выніку выбуху начальнік польскай паліцыі атрымаў лёгкія цялесныя пашкоджаньні і апынуўся ў шпіталі. Лёгкія цялесныя пашкоджаньні, якія не запатрабавалі шпіталізацыі, атрымаў таксама цывільны супрацоўнік штаб-кватэры паліцыі Польшчы.
Польскі бок зьвярнуўся да ўкраінскага боку з просьбай даць адпаведныя тлумачэньні. Справай з самага пачатку займаюцца пракуратура і адпаведныя службы, адзначае міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ненаўмысны напад на Польшчу». Чорны лебедзь, якога ня хочуць заўважаць