За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Працягваем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усе кнігі Бібліятэкі СвабодыВосьмы ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна «як»
Інструкцыі, падручнікі, карысныя парады і іншая навучальная і пэдагагічная літаратура знаходзяцца па-за рамкамі «Бібліятэкі Свабоды» — але гэта як паглядзець. У кнізе «Турма і здароўе» прафэсар Юры Бандажэўскі, напрыклад, даваў канкрэтныя парады і нават малюнкі практыкаваньняў, якія трэба рабіць, каб застацца здаровым у няволі. Выданьне «Жыцьцё пасьля раку» расказвала пра мэтодыкі і практыкі, якія дазваляюць весьці паўнавартаснае жыцьцё пасьля цяжкай хваробы. Ня кажучы пра інтэрвію і меркаваньні экспэртаў пра шмат якія тэмы і праблемы і рэцэпты іх вырашэньня.
Але сёньняшняя паліца асаблівая — тут вы можаце атрымаць парады як прыгожа гаварыць па-беларуску, як джгаць, як пісаць лісты на Свабоду — і таксама як зьмясьціць усё сваё ХХ стагодзьдзе ў адну кнігу словаў.
Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды
«Як? Азбука паводзінаў»
Паколькі падзагаловак гэтай кнігі на вокладцы адсутнічаў, дык адны думалі, што гэта пра аднайменныя самалёты, а іншыя — што пра горных быкоў. Але і тыя і тыя не былі расчараваныя, калі адкрывалі кнігу. Мадэлі сучаснай этыкі ад «А» да «Я» аўтар Сяргей Дубавец сабраў у энцыкляпэдыю паводзінаў: як бараніцца і як галасаваць, як дараваць і як любіць, як сябраваць і як хітраваць. І нават як джгаць. Няўжо разам з эпохамі зьмяняецца ня толькі сьвет вакол нас, але й нашы ўласныя ўяўленьні пра «вечнае», пра багацьце й беднасьць, геройства й прыстасаванства, а ўрэшце — пра дабро і зло? Адкрыйце і ўведайце.
«Жывая мова»
Здаецца, гэта адзіны выпадак у Беларусі, калі вокладка кнігі стала помнікам. На магіле аўтара «Жывой мовы» Юрася Бушлякова на Паўночных могілках у Менску стаіць вялікая гранітная кніга, якая паўтарае яго кнігу, выдадзеную ў «Бібліятэцы Свабоды». Юрась Бушлякоў працаваў над ёй да апошніх дзён, але сам пабачыць не пасьпеў. Гэта калекцыя кароткіх практычных эсэ пра тое, як гаварыць і пісаць па-беларуску правільна і прыгожа. На працягу сваёй рэдактарскай працы на Радыё Свабода аўтар выяўляў складаныя, спрэчныя ці памылковыя моманты ў жывой мове, аналізаваў іх і даваў парады, якія склалі цыкль радыёперадачаў і ляглі ў аснову гэтай кнігі.
«Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам»
Пускацца ў плаваньне па акіяне мовы можна і аднаму, але лепш з надзейным і спрактыкаваным лёцманам. Жывая практыка і прыгажосьць, якія грунтуюцца на навуковым мовазнаўчым падмурку, спалучаюцца з эканомнай лёгкасьцю выкладаньня і тонкім філялягічным густам аўтара, чыё імя заслужана значыцца як частка загалоўка — з суб’екту аўтарства ператварылася ў суб’ект мовы, сталася яе часткай. Ці аб’ектам — дакладна ведае толькі сам Вінцук Вячорка, а вы можаце яго спытацца на інтэрактыўных плятформах, прысьвечаных мове: Толькі пра мову (Facebook), Толькі пра мову (Telegram).
«Не сьмяшыце мае прыназоўнікі»
Хто ведае паходжаньне гэтай назвы, прачытаўшы кнігу, зразумее, што гэта — не пэрыфраза пагрозы аднаго звар’яцелага дыктатара, а адказ яму. Нашы прыназоўнікі мацнейшыя за вашы «іскандэры». Вінцук Вячорка дасьціпна і дасьведчана распавядае, як трымаць абарону свайго, гаварыць дакладна і прыгожа дома, у краме, на мітынгу, у дарозе, на іспытах, каб родная мова жыла ўсюды. І гэта першая кніга «Бібліятэкі», зробленая на падставе відэаперадачаў — нават Францішак Скарына быў бы ўражаны.
«Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове»
Слова на дзень для памяці і для роздуму — так мы ставілі задачу перад аўтарамі, якія на працягу 2000-га году штодня шукалі адказы на пытаньне «як». Як выбраць дакладнае, нечаканае, яркае слова, якое б адлюстроўвала жыцьцё ў мінулым стагодзьдзі. Атрымалася энцыкляпэдыя, якую можна чытаць як хочаце, зь любога месца, у любым парадку, як заўгодна — сапраўды свабодны адказ на пытаньне «як».
«Лісты пра Свабоду»
Як слухаць Свабоду? А вось як: «...слухаць вас гэта ўсё роўна што пасьля лазьні выпіць кілішак гарэлкі: і сьветла, і весела, і радасна», піша слухач зь Беларусі. Кароткія хвалі ня ведалі межаў, і таму Свабода заўсёды мела слухачоў ва Ўкраіне: «... я ўкраінец, але дзякуючы беларускай „Свабодзе“, слухаючы вас, вывучыў беларускую мову. Вашы перадачы мне вельмі падабаюцца, яны надзвычай цікавыя. Нават цікавейшыя за футбольны чэмпіянат сьвету. Таму я нават падчас сусьветнага футбольнага першынства слухаў вас штодня і ўвечары, і раніцай». І подпіс, і адрас — Ігар Земляны, Днепрапятроўская вобласьць... Радыёперадачу «Паштовая скрынка 111» вёў Валянцін Жданко, які з тысячаў лістоў адабраў для гэтай калекцыі некалькі сотняў галасоў жорсткіх крытыкаў і зацятых прыхільнікаў. Але для нас яны былі перш за ўсё слухачамі, і таму іх слова — таксама слова Свабоды.
«Лісты на Свабоду»
Назва падобная да папярэдняй кнігі, але зьмест зусім іншы: як жывем, як жыць? Слухачы выказваюцца пра ўладу і апазыцыю, пра любоў і здраду, пра вайну і літаратуру, пра мясцовае начальства і царкоўныя сьвяты — паўставала поўная палітра сучаснага беларускага жыцьця. Валянцін Жданко камэнтаваў лісты і адказваў на пытаньні, але ў кнізе яны гучаць самі па сабе і так утвараюць унікальны чытацкі хор. Прыслухайцеся!
Працяг будзе
ДАВЕДАЙЦЕСЯ ПРА ІНШЫЯ ВЫДАНЬНІ «БІБЛІЯТЭКІ СВАБОДЫ»
20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну супраціву20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну памяці20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну загадак20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну за кратамі20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну герояў20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну падарожжаў у часе20-годзьдзе «Бібліятэкі Свабоды». Наш гайд у Краіну паэтаў