Алесь Родзін быў адным з арганізатараў фэстываляў міжнароднага экспэрымэнтальнага мастацтва «ДАХ» («DACH». Бэрлін — Менск: 2001–2016), рэзыдэнтам артхаўса «ТАХЕЛЕС» у Бэрліне (1990–2012), адным з найбольш манумэнтальных зь беларускіх жывапісцаў старэйшага пакаленьня, паведамляе Беларускі саюз мастакоў.
Алесь Родзін нарадзіўся ў 1947 годзе ў горадзе Баранавічы. Вучыўся ў мастацкай школе і на аддзяленьнях дызайну і жывапісу ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце.
У 15 гадоў Алесь Родзін захапіўся тэлескопамі, яго вабіла не сама оптыка, а эмацыйныя станы, якія адчувае чалавек, гледзячы на ірацыянальна фантастычны сьвет начнога неба.
З аптычнымі прыборамі Алесь Родзін экспэрымэнтаваў і пазьней, ужо ў інстытуце, каб зразумець таямніцы колера- і формаўтварэньня. Гэта дало штуршок, каб напісаць першыя гіперрэалістычныя сюжэты.
Студэнтам Алесь Родзін спрабаваў пераадольваць бар’еры рэалістычнага адлюстраваньня рэчаіснасьці. Яго цікавілі фармальная кампазыцыя, творчыя пошукі Шагала, Кандзінскага. Даволі жорсткі кансэрватызм мастацкага асяродзьдзя таго часу, у якім давялося працаваць, навучыў выжываць у экстрэмальных умовах, захоўваць уласнае ўнутранае сьветаадчуваньне. У той жа час гэта падштурхнула мастака да «андэграўндных пошукаў першай хвалі» — так назвалі пазьней мастацтвазнаўцы субкультуру, якая склалася ў Беларусі ў 1970-х гадах. Мастак знайшоў свой уласны адметны мэтад, які пазьней мастацтвазнаўца Яўген Шунейка назваў «нон-стоп-панарама».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кнігавыдавец Зьміцер Вішнёў: «Выдаваньне беларускай літаратуры за мяжой будзе пашырацца»