Расея з акупаванага Прыазоўя атакавала Кіеў і Кіеўскую вобласьць іранскімі дронамі. ФОТА

Рэшткі расейскай ракеты, запушчанай па Ўкраіне, архіўнае фота

Раніцай 19 сьнежня, калі ва Ўкраіне адзначаюць Дзень сьвятога Мікалая, Расея а 5-й раніцы пачала атакаваць дронамі Кіеў і Кіеўскую вобласьць.

Зноў пацярпела крытычная інфраструктура

Паводле гарадзкіх уладаў, некалькі выбухаў адбыліся зноў у цэнтральных раёнах сталіцы — Шаўчэнкаўскім і Саломенскім. Папярэдне, пацярпелых няма, але на месцах выбухаў працуюць усе экстраныя службы.

Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку атакі пашкоджаныя аб’екты крытычнай інфраструктуры.

«Энэргетыкі і цеплавікі працуюць над тым, каб апэратыўна стабілізаваць сытуацыю з энэрга- і цеплазабесьпячэньнем», — падкрэсьліў ён.

У Кіеўскай вобласьці, апроч аб’ектаў інфраструктуры, пашкоджаныя і прыватныя дамы. Папярэднія зьвесткі — два мясцовыя жыхары пацярпелі.

Ва ўкраінскай сталіцы і Кіеўскай вобласьці яшчэ не пасьпелі цалкам аднавіць цепла-, вода- і энэргазабесьпячэньне пасьля мінулай атакі, якая адбылася тры дні таму, 16 сьнежня.

Атакавалі з Азоўскага мора

Паводле камандаваньня паветранымі сіламі Ўкраіны, Расея выкарыстала для сваёй атакі 35 дронаў-камікадзэ іранскай вытворчасьці «Shahed-136/131». Усе яны былі запушчаныя з узьбярэжжа Азоўскага мора.

У сілах абароны Ўкраіны сьцьвярджаюць, што зэнітна-ракетныя войскі і авіяцыя зьбілі 30 бесьпілётнікаў.

Толькі над Кіевам зьбілі каля 15 дронаў-камікадзэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ракетны напад Расеі на Ўкраіну 16 сьнежня: ёсьць ахвяры, мільёны людзей безь сьвятла і вады

З дронамі змагацца навучыліся, але яшчэ застаецца патэнцыял ракетных удараў

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксей Данілаў у інтэрвію выданьню «Українська правда» адзначыў, што ўкраінскія войскі навучыліся змагацца з дронамі камікадзэ.

«Мы навучыліся зь імі змагацца. [...] Калі няма нейкіх форс-мажораў, то нядаўна быў выпадак, калі мы ўсё 100%, якія яны накіроўвалі, зьбілі. Але ў любым выпадку праблема застаецца, бо нават калі адна асоба загінула ад гэтых „шагедаў“, для нас гэта трагедыя», — адзначыў ён.

Паводле яго, тое, што Расея вядзе перамовы з Іранам аб перадачы ракет, сьведчыць пра тое, што ўласных магутнасьцяў вытворчасьці не хапае.

«Расейцы ня маюць вялікай колькасьці ракет. Але ёсьць праблема, што яны вядуць перамовы з Іранам аб пастаўках. [...] Яны робяць нейкія свае ракеты, але тая колькасьць, якая ў іх была на пачатку вайны, і тое, што яны робяць, гэта несупастаўныя рэчы», — адзначыў сакратар Рады Нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Аляксей Данілаў мяркуе, што ў Расеі засталося ракет на максымум чатыры вялікія атакі.

«Але тады яны цалкам застануцца без ракет, што недапушчальна, бо ў іх могуць зьявіцца іншыя выклікі і яны мусяць мець хоць бы які запас. [...] У іх засталіся ракеты С-300, якія яны выкарыстоўваюць цяпер, на вялікі жаль, па нашых гарадах. Гэтых ракет у іх больш-менш дастаткова», — дадаў сакратар Рад нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны.

Расея ў трэці раз абстраляла адміністрацыю ў Херсоне

Кіраўнік Херсонскай вобласьці Яраслаў Янушэвіч паведаміў, што раніцай Расея атакавала будынак абласной вайсковай адміністрацыі.

«Дзе працаваць, мы знойдзем, галоўнае, што няма ахвяр», — сказаў Яраслаў Янушэвіч у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваньне: Расея ў абыход санкцыяў купляе заходнія кампанэнты для дронаў

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.